2015-03-31 09:46:00

Баснійскія мусульманскія цесляры рыхтуюць дар Папу


Падчас Эўхарыстыі ў рамках візіту ў Сараева 6 чэрвеня 2015 г. Святы Айцец будзе карыстацца тронным крэслам вырабленым двума мусульманскімі цеслярамі: Саленам Хайдаровачам і яго сынам Эдзінам, якія пражываюць у горадзе Завідавічы, у цэнтральнай Босніі і Герцагавіне. Крэсла будзе зроблена з арэхавага дрэва і ўпрыгожана выявамі папскага гербу і баснійскіх катэдральных касцёлаў. Яго аўтары – якія, як і многія іншыя мясцовыя мусульмане, носяць у сэрцы цёплыя ўспаміны пра візіт у краіну св. Яна Паўла ІІ – вырашылі зрабіць гэты літургічны элемент бясплатна. Сродкі на набыццё матэрыялаў, неабходных для яго стварэння, былі сабраны мясцовай каталіцкай супольнасцю.

Падрыхтоўка да візіту Францішка ў Сараева актыўна працягваецца. Некалькі дзён таму Боснію і Герцагавіну наведала афіцыйная ватыканская дэлегацыя, якая займаецца падрыхтоўкай падарожжа. 25 сакавіка 2015 г. быў прадстаўлены яго дэвіз, якім сталі евангельскія словы Езуса Хрыста – “Спакой вам” (Ян 20,19), а таксама лагатып, на якім змешчана выява голуба з аліўкавай галінкай на фоне крыжа жоўтага, белага, чырвонага і сіняга колераў, са стылізаванымі ў выглядзе трохкутніка контурамі краіны. Дэталі падарожжа Святога Айца ў Сараева будуць абвешчаны 8 красавіка 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.