2015-04-09 12:51:00

Святы Пасад будзе прадстаўлены на Венецыянскай біенале


Павільён Апостальскай Сталіцы ў другі раз будзе прадстаўлены на Міжнароднай выставе сучаснага мастацтва ў Венецыі. Яго прэзентацыя прайшла 9 красавіка 2015 г. у Ватыкане. Падчас яе, старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі распавёў пра жаданне Святога Пасаду умацоўваць дыялог паміж Касцёлам і сучасным мастацтвам, пасля досведу ўдзелу ў Венецыянскай біенале ў 2013 г.

Галоўнай тэматыкай ватыканскага павільёну будзе ўцелаўленне Слова, апісанае на пачатку Евангелля паводле св. Яна. Слова і цела – яго два ключавыя паняцці. Кардынал Равазі патлумачыў, што трасцэндэнтнае Слова, якое было “на пачатку”, адкрывае гатовую да дыялогу і камунікацыі прыроду Бога, а Слова, якое сталася целам – Яго прысутнасць сярод людзей, асабліва сярод параненых і пакутуючых.

Зразумець значэнне гэтага ўцелаўлення дапамагае евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна, якая дае вобраз Бога прысутнага ў чалавецтве знясіленым ў сваім чалавечым стане, Бога, які стаў целам і дапамагае параненаму чалавеку, пазначанаму смерцю і слабасцю.

Такім чынам, Апостальская Сталіца з дапамогай сучаснага мастацтва прадэманструе “перакрыжаванне” паміж “вертыкальна-трасцэндэнтным” вымярэннем Слова і “гарызантальна-іманентным” вымярэннем цела, чэрпаючы натхненне з уводзінаў у Евангелле паводле св. Яна.

Экспазіцыю ватыканскага павільёна падрыхтуюць некалькі маладых мастакоў, якія працуюць у розных тэхніках і паходзяць з розных культур і рэгіёнаў планеты: амерыканская мастачка калумбійскага паходжання Моніка Брава, Эльпіда Хадзі-Васільева з Македоніі, якая стварае сучасныя мастацкія інсталяцыі і фатограф з Мазамбіку Марыё Мікілоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.