2015-04-10 12:39:00

Барталамей І нагадаў пра права чалавека на ваду і санітарыю


Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І выступіў з заявай адносна “права чалавека на ваду і санітарыю”, якая апублікавана на афіцыйным сайце Канстантынопальскага Патрыярхату. “Вада – галоўнае права чалавека, якое павінна быць даступна для ўсіх людзей незалежна ад расы, полу, этнічнай прыналежнасці, сацыяльна-эканамічнага статусу або любога іншага аспекту дыскрымінацыі”, - заявіў праваслаўны іерарх.

“Як можам мы – як рацыянальныя і адказныя людзі – дазволіць больш чым чвэрці насельніцтва свету не мець доступу да бяспечнай пітной вады, у той час як амаль палова насельніцтва свету не мае адэкватнай санітарыі?” – паставіў рытарычнае пытанне кіраўнік Царквы.

“Мы просім буйныя карпарацыі і кампаніі знайсці альтэрнатыўныя сродкі вытворчасці, якія б не забруджвалі рэсурсы нашай планеты і не шкодзілі ім дзеля простага прыбытку. Мы молімся аб міры ва ўсім свеце, асабліва на Блізкім Усходзе, дзе вада выкарыстоўваецца як зброя пераследу і разбурэння”, - падкрэсліў Барталамей І, якога называюць “Зялёным Патрыярхам” за яго прыхільнасць да спраў экалогіі і адказнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.