2015-04-14 16:46:00

Святарскі цэлібат і сужэнства


Сёння ў цэнтры нашай увагі будуць адносіны паміж сакрамэнтамі пасвячэння і сужэнства. На першы погляд можа здавацца, што паміж імі няма нічога супольнага і цалкам справядліва можа ўзнікнуць пытанне: навошта закранаць гэту тэму ў рамках праграмы аб духоўнасці сужэнскага жыцця? Сапраўды, паміж гэтымі дзвюма сакрамэнтамі існуе настолькі шмат адрозненняў, што яны здаюцца нават супрацьлеглымі адно аднаму. Узгадаем прынамсі пра цэлібат, у якім жывуць святары.

Тым не менш, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла збліжае гэтыя сакрамэнты, падкрэсліваючы, што абодва “ўдзяляюць спецыяльную ласку для асаблівай місіі Касцёла і служаць будаванню Божага народу”. Яны прычыняюцца да будавання касцёльнай супольнасці і збаўлення іншых людзей.

Гэтыя “асаблівыя намашчэнні” атрымліваюць тыя, “хто ўжо быў пасвечаны хростам і канфірмацыяй” (1535). Святар, праз сакрамэнт пасвячэння, намашчаецца на службу Касцёлу, а сужонкі – як нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, абапіраючыся на энцыкліку Пія ХІ аб сужэнстве “Casti connubii” – таксама “асвячаюцца” (Gaudium et spes, 48), праз сакрамэнт сужэнства.

Пасвячэнне намашчае святара на службу Касцёлу і “прыпадабняе яго да Хрыста ў Яго патройнай функцыі: Святара, Прарока і Караля”, а таксама да Хрыста-Жаніха. Менавіта ў гэтым заключаецца самая галоўная прычына святарскага цэлібату ў Лацінскім Касцёле. Цэлібат – гэта штосьці нашмат большае за простую традыцыю або дысцыпліну, большае за практычнае патрабаванне або гатоўнасць святара стаць больш даступным для выканання шматлікіх заданняў, звязаных з яго служэннем.

Як Хрыстус цалкам дарыць сябе Касцёлу, на падабенства жаніха нявесце, таксама і святар – які праз ласку сакрамэнту пасвячэння становіцца другім Хрыстом (alter Christus) – становіцца пакліканым дарыць сябе Касцёлу такім самым чынам: выключным і на падабенства сужонкаў, як казаў св. Ян Павел ІІ.

Касцёл, у пэўным сэнсе, таксама становіцца Нявестай для святара. Ён яе ачышчае і адраджае праз удзяленне сакрамэнту пакаяння; аб ёй ён клапоціцца навучаючы і падтрымліваючы; яе ён штодзённа насычае Эўхарыстыяй. У цэлебрацыі св. Імшы, святар разам з Хрыстом ахвяруе сябе за Касцёл, прыносячы ў “сужэнскую” ахвяру самога сябе. Калі ён прамаўляе словы кансэкрацыі над хлебам і віном, што перамяняюцца ў Цела і Кроў Хрыста, ён ахвяруе таксама і сваё ўласнае святарскае цела, сваю кроў і жыццё разам з Хрыстом-Жаніхом за Касцёл-Нявесту. Гаворка ідзе пра па-сапраўднаму сужэнскі дар самога сябе, які мае цялеснае вымярэнне.

У такім святле святарскі цэлібат з’яўляецца не адмаўленнем каштоўнасці сужэнства, але поўным спаўненнем яго значэння. Урывак з Паслання да Эфесцаў, які адлюстроўвае сужэнскую прыроду сувязі паміж Хрыстом і Касцёлам (“Мужы, любіце сваіх жонак, як і Хрыстус палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, каб асвяціць яго...), утрымлівае ў сабе навучанне каштоўнае, як для сужэнства, так і да святарскага цэлібату. “Гэты тэкст сапраўды аднолькавы, як для тэалогіі сужэнства, так і для тэалогіі ўстрымання “дзеля Нябеснага Валадарства”, гэта значыць для тэалогіі цнатлівасці і цэлібату”, - казаў св. Ян Павел ІІ падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 21 красавіка 1982 г.

Постаць святара павінна стаць для сужонкаў дасканалым прыкладам сужэнскага дару, а яго цэлібат пакліканы выяўляць абсалютнасць гэтага дару. Святарскае сэрца, калі па-сапраўднаму жадае прыпадабняцца да Хрыстовага, не можа не быць “сужэнскім” сэрцам. Паколькі сужэнскі дар з’яўляецца выключным па сваёй прыродзе, святар можа падарыць сябе толькі адзінай Нявесце Хрыста, будучы злучаным з Езусам у Яго сужэнскай ахвяры за Касцёл. Гэта гатоўнасць да поўнага дару з сябе з’яўляецца крыніцай духоўнай плённасці святарскага служэння.

Сужонкі, у сваю чаргу, павінны станавіцца для святара канкрэтным прыкладам сужэнскага дару, які ён прыносіць Касцёлу, у той час як святар павінен адчуваць сябе ўмацаваным у сваім пасвячэнні прыкладам іх узамнай адданасці. Святар павінен быць здольным бачыць у вернасці сужонкаў матывацыю для сваёй уласнай вернасці Касцёлу, у той час як парушэнне цэлібату павінна ім бачыцца ў якасці здрады яму. Нават калі ў адносінах да цэлібату ў самім Каталіцкім Касцёле існуюць розныя традыцыі, трэба прызнаць, што сэрцу святара даволі складана прымірыцца з поўным дарам сябе для Касцёла і адначасова поўным дарам сябе для жонкі.

Напрыклад, яшчэ з самых першых стагоддзяў гісторыі Касцёла, поўня сакрамэнту пасвячэння – біскупская сакра – ніколі не ўдзялялася жанатым мужчынам. Гэта паказвае, што поўнае прыпадабненне сябе Хрысту, павінна быць спалучаным з поўным пасвячэннем сябе Касцёлу-Нявесце. Гэты пункт гледжання, дарэчы, католікі падзяляюць з братамі праваслаўнымі.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка, паводле кнігі Іва Семена "Сужэнская духоўнасць паводле Яна Паўла ІІ".








All the contents on this site are copyrighted ©.