2015-04-15 08:37:00

Адышоў у вечнасць былы дырэктар Ватыканскага радыё


14 красавіка 2015 г. памёр італьянскі кардынал Раберта Тучы. Іерарх адышоў у вечнасць у Рыме за тыдзень да свайго 94-годдзя. Кардынал Тучы паходзіў з Неапаля. У 15 гадоў уступіў у навіцыят Таварыства Езуса. Вывучаў філасофію і тэалогію. Святарскае пасвячэнне атрымаў 24 жніўня 1950 г. Праз некалькі гадоў пачаў супрацоўнічаць з езуіцкім італьянскім часопісам “La Civiltà Cattolica”. У перыяд паміж 1959-1973 гг. займаў пасаду яго галоўнага рэдактара.

Памерлы прымаў актыўны ўдзел у працы ІІ Ватыканскага Сабора. Ён быў членам спецыяльнай камісій па пытаннях апостальства свецкіх, а таксама ўдзельнічаў у рэдагаванні некаторых дакументаў, у тым ліку пастырскай канстытуцыі аб Касцёле ў сучасным свеце “Gaudium et spes”.  Менавіта ён праводзіў штодзённыя прэс-канферэнцыі для журналістаў, апавядаючы аб працы Сабора. Падобныя кантакты Апостальскай Сталіцы з прэсай былі на той час беспрэцэндэнтнымі.

Будучы кардынал быў членам паслясінадальнай камісіі па справах свецкіх, да яе пераўтварэння ў Папскую раду. Ён з’яўляўся кансультантам Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, віцэ-старшынёй Саюза каталіцкай прэсы Італіі.

З 1973 па 1985 гг. займаў пасаду Генеральнага дырэктара Ватыканскага радыё. Дзякуючы арганізацыйным і тэхнічным інавацыям, уведзеным новым кіраўніком, папская радыёстанцыя змагла значна павялічыць аўдыторыю сваіх слухачоў. У гэты перыяд упершыню на хвалях Ватыканскага радыё пачалі гучаць джазавыя кампазіцыі і рок-музыка, што рабіла яго цікавым для людзей далёкіх ад Касцёла. У першыя гады пантыфікату Яна Паўла ІІ ён быў арганізатарам апостальскіх падарожжаў Пантыфіка.

Раберта Тучы атрымаў кардынальскую годнасць не будучы біскупам. Пурпуровы берэт яму ўручыў Ян Павел ІІ падчас кансісторыя 21 лютага 2001 г. 








All the contents on this site are copyrighted ©.