2015-04-15 12:59:00

Кіраўнік супольнасці Тэзэ ў Мінску


Беларусь з візітам наведаў брат Алаіс, кіраўнік знакамітай на ўвесь свет супольнасці Тэзэ. Ён прыехаў у межах вялікага падарожжа па трох славянскіх краінах, насамрэч трох гарадах. Брат Алаіс ўжо быў у Маскве, цяпер у Мінску, а з беларускай сталіцы 15 красавіка 2015 г. накіраваўся ў Кіеў. 14 красавіка ў грэка-каталіцкім цэнтры св. Язэпа адбылася сустрэча з ім. Сюды прыйшлі вернікі ўсіх хрісціянскіх канфесій, каб на свае вочы пабачыць чалавека, аб якім шмат чулі, пасля малітвы задаць свае пытанні, больш даведацца аб супольнасці ці засведчыць аб уражаннях ад штогадовых экуменічных форумаў Тэзэ, якія праходзяць у розных краінах свету і дзе беларусы – нязменныя ўдзельнікі. 

Аб гэтым брат Алаіс ведае і заўсёды заўважае моладзь з Беларусі на такіх сустрэчах. “Мы вельмі рады, што маладыя людзі з Беларусі, прадстаўнікі розных канфесій, прязджаюць на форумы Тэзэ. Такім чынам яны маюць магчымасць паглыбіць разуменне сваіх хрысціянскіх каранёў. Гэта таксама дае магчымасць адкрыць карані кожнай з канфесій і абрадаў – каталіцкай, грэка-каталіцкай, праваслаўнай. Гэта дае магчымасць быць сапраўды адкрытымі адзін на аднаго. Я спадзяюся, што гэты вопыт дае таксама надзею на будучыню пашыраць гэтыя кантакты. Але я заўсёды радуюся, што гэты кантакт паміж рознымі Цэрквамі ёсць тут, у Беларусі”, - адзначыў брат Алаіс у інтерв’ю Беларускай рэдакцыіі Ватыканскага радыё. 

Брат Алаіс падкрэсліў, што яго падарожжа – пілігрымка, а тым больш яна была спланавана менавіта на Велікодныя дні, калі ва ўсіх хрысціянскіх канфесіях вітаюць адзін аднаго словамі “Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос!”. Браты супольнасці часта падарожнічаюць па ўсходне-еўрапейскіх краінах і сустракаюцца з вернікамі (напрыклад, сам прыёр Алаіс у Беларусі другі раз), але гэты час – асаблівы: у рэгіёне няпростая сітуацыя ў сувязі з канфліктам ва Украіне, якая, на думку брата Алаіса, павінна не падзяляць, а аб’ядноўваць хрысціянскія Цэрквы ў імкненні да міру. Малітва за мір ва Украіне гучала і падчас сустрэчы ў Мінску. “Увесь гэты гвалт і канфлікты, якія мы бачым зараз у свеце, гэта вялікі заклік да паглыблення моцы нашай веры ў духу Уваскрослага Хрыста. Тым больш у кантэксце канфлікта трэба жыць у веры, не як у нейкай традыцыі, а менавіта ў асабістым значэнні. Таму асабліва сёння важна, каб мы, хрысціяне, былі сапраўды аб’яднаня. Напэўна, гэта няпроста, але мы хочам працягваць верыць і працаваць”, - сказаў брат Алаіс. 

Супольнасць Тэзэ нарадзілася падчас Другой сусветнай вайны, калі яе заснавальнік, брат Ражэ пасяліўся ў бургундскай вёсцы Тэзэ побач з дэмаркацыйнай лініяй. Тут было зручна прымаць бежанцаў, якім брат даваў прытулак. Аднак, яго выявілі і вымусілі з’ехаць. Ражэ вярнуўся ў Тэзэ ў 1944 г. з некалькімі братамі. Так і пачалася гісторыя супольнасці ў Францыі, зараз у ёй пастаянна жывуць каля ста братоў розных нацыянальнасцяў і хрысціянскіх канфесій, больш чым з 25 краін свету. Яшчэ сотні вернікаў прыязджаюць кожную нядзелю – на сустрэчы для малітвы і роздуму. Супольнасць Тэзэ часта называюць экуменічнай, але гэта не літаральна так. Тут ніколі не імкнуліся да стварэння асаблівай універсальнай формы хрысціянства ці механічнага аб’яднання Цэркваў. Хутчэй наадварот, гэта прызнанне ўнікальнасці кожнай канфесіі. Кажучы пра магчымасць ці немагчымасць сустрэчы кіраўнікоў хрысціянскіх Цэркваў і Беларусі, як тэарытычнай пляцоўкі, дзе зыходзяцца заходняя і ўсходняя хрысціянскія галіны, брат Алаіс адказаў вельмі проста. “Гэта было б прыгожа! Мы можам толькі маліцца аб гэтым”. 

2015 г. для супольнасці асаблівы – спаўняецца 100 гадоў з моманту нараджэння заснавальніка супольнасці і 10 гадоў з моманту яго смерці, а брат Ражэ, як вядома, быў забіты. Яго паслядоўнік, брат Алаіс акурат амаль месяц таму сустракаўся з папам Францішкам, калі ў Мінску з візітам знаходзіўся кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Брат Алаіс тады паведаміў пра будучае падарожжа ў Беларусь, на што Пантыфік сказаў, што моліцца за вернікаў краіны і чакае з імі сустрэчы. У сваю чаргу на сустрэчы ў Мінску брат Алаіс заахвоціў маліцца і за папу Францішка, а таксама падзякаваў вернікам Беларусі, а ён за два дні наведаў каталіцкую, грэка-каталіцкую і праваслаўную парафіі, за вернасць веры і Царкве.
 
Ларыса Абрамчук, Мінск. 








All the contents on this site are copyrighted ©.