2015-04-15 14:45:00

У Ватыкане гаварылі пра стварэнне новых дыкастэрый


Ватыканскае пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам было прысвечана ў асноўным тэме рэформы Рымскай курыі, прычым яе метадалагічным і практычным аспектам, плану дзеянняў у 2015-2016 гг. Рэформа можа быць “актывавана” да 2016 г. Менавіта гэты час можа стаць вызначальным для падрыхтоўкі новай Канстытуцыі, якая будзе рэгуляваць працу Рымскай курыі, сказаў кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку, 15 красавіка 2015 г. падчас брыфінгу, прысвечанаму завяршэнню сустрэчы папскіх дарадчыкаў. Яна праходзіла ў Ватыкане з панядзелка, 13 красавіка.

Рада прысвяціла шмат часу аналізу выступленняў кардыналаў на нядаўнім кансісторыі. Падчас яго прагучала больш за 60 меркаванняў адносна ватыканскіх рэформ, у прыватнасці на тэму стварэння двух буйных дыкастэрый, адна з якіх павінна заняцца тэматыкай дабрачыннасці, справядлівасці і міру, а другая – свецкіх вернікаў, сям’і і абароны жыцця. Цалкам магчыма, што рашэнне адносна стварэння гэтых дыкастэрый прагучыць раней за апублікаванне канчатковага тэксту новай Канстытуцыі бо рэформа разглядаецца ў якасці працяглага працэсу, а не змен, што адбываюцца тут і зараз.

Кс. Ламбардзі паведаміў, што падчас сустрэчы было закранута пытанне рэформы ватыканскіх СМІ. Перад гэтым Папа і яго супрацоўнікі атрымалі канчатковы рапарт камісіі Крыстафера Патэна, якая працавала ў мінулыя месяцы ў Ватыкане, з прапановамі па зменах. Паколькі рапарт носіць рэкамендацыйны характар, Рада кардыналаў звярнулася з просьбай да Папы стварыць “новую камісію”, якая практычна “з нуля” пачне падрыхтоўчую працу па рэформе СМІ , возьме на сябе адказнасць за выпрацоўку дзеянняў і вывучэнне пераходу да рэалізацыі. Праца новай групы стане працягам таго, што асягнула “камісія Патэна”. Неабходна вывучыць, наколькі яе прапановы прымянімыя да “ватыканскай рэальнасці”.

Гаворка ішла таксама пра працу новастворанай Камісіі па абароне непаўнатетніх. Было падкрэслена, што касцёльныя працэдуры адносна тых, хто дапускаў сексуальныя злоўжыванні, сфармулаваны дастаткова ясна. Але ёсць іншая група людзей, якія не рэагавалі на выпадкі злоўжыванняў або бяздзейнічалі, калі аб іх ведалі. Было прапанавана паглыбіць гэту тэматыку з прававога пункту гледжання.

Наступныя сустрэчы Рады кардыналаў пройдуць у Ватыкане 8-10 чэрвеня, 14-16 верасня і 10-12 снежня 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.