2015-04-16 12:46:00

Рэлігіязнаўца: у Беларусі ёсць міжканфесійнае паразуменне


Рэлігіязнаўца, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Скарыны Віктар Адзіночанка займаецца тэмай узаемадзеяння розных канфесій у Беларусі. Нядаўна ён сустракаўся з дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Казімірам Велікасельцам, праваслаўным епіскапам Гомельскім і Жлобінскім Стэфанам, каталіцкім і праваслаўнымі святарамі, а таксама з прадстаўнікамі пратэстанцкіх супольнасцяў і падвёў некаторыя вынікі сваёй працы ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыяй Ватыканскага радыё.

Рэлігіязнаўца адзначыў, што Беларусь традыцыйна з’яўляецца поліканфесійнай краінай. Гэтым яна адрозніваецца як ад Польшчы, дзе яўна пераважае каталіцтва, так і ад Расіі, дзе яўная большасць праваслаўных вернікаў. У Беларусі ж заўсёды было даволі шмат праваслаўных, католікаў і пратэстантаў. Тут, у адрозненні ад Расіі, была Рэфармацыя: такія вядомыя дзеячы беларускай культуры як Сымон Будны і Васіль Цяпінскі – гэта пратэстанцкія прапаведнікі. Больш таго, Рэфармацыя у XVI ст. на беларускіх землях мела вялікі поспех. Хоць пазней у выніку контррэфармацыі магнаты і шляхта перайшлі ў каталіцтва, але пратэстанцкія традыцыі ў нас таксама даволі моцныя. Усе хрысціянскія канфесіі з’яўляюцца часткай беларускай культуры, гаворыць рэлігіязнаўца і падкрэслівае, што міжканфесійны мір быў прапісаны ў Трэцім статуце Вялікага княства Літоўскага. І сапраўды, рэлігійных войнаў у Беларусі не было.

Віктар Адзіночанка зазначыў, што падчас улады Саветаў у Беларусі знішчалі ўсе канфесіі, і таму сярод іх была ўзаемападтрымка. Цікава, што калі Праваслаўнай Царкве пасля Другой сусветнай вайны давалі магчымасць існаваць, хаця і пад жорсткім кантролем, то Каталіцкай не дазвалялі дзейнічаць на большай частцы тэрыторыі рэспублікі.

І таму ёсць шмат прыкладаў, калі праваслаўныя падтрымлівалі католікаў. Прынамсі ў Гомелі католікаў спавядалі праваслаўныя святары і дазвалялі прычашчацца. А, напрыклад, у Мазыры праваслаўныя прадастаўлялі католікам свае храмы для правядзення набажэнстваў, гаворыць рэлігіязнаўца. “Што тычыцца часу пасля 1991 г., калі ўтварылася незалежная беларуская дзяржава і пачаўся рэзкі рост колькасці рэлігійных супольнасцяў ва ўсіх канфесіях, таксама захоўваўся наладжаны дыялог паміж імі, нягледзячы на некаторыя непаразуменні. Менавіта кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы выступіла ініцыятарам міжканфесійнага дыялогу, было праведзена тры прадстаўнічыя канферэнцыі па дыялогу паміж хрысціянамі і мусульманамі, хрысціянамі і юдэямі, а таксама праваслаўнымі і католікамі. Ініцыятарам гэтых канферэнцый быў сам Мітрапаліт Філарэт”, - нагадаў спадар Адзіночанка.

Зараз з упэўненасцю можна ахарактарызаваць рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, як сітуацыю дыялогу і ўзаемнага паразумення, хаця некаторыя праблемы ў гэтым дыялогу захоўваюцца. Напрыклад, гэта тычыцца стаўлення Праваслаўнай Царквы да актыўнай місіянерскай дзейнасці католікаў і пратэстантаў. Бо ў Маскоўскага Патрыярхату ёсць такое паняцце як кананічная тэрыторыя, у якую ўваходзіць і Беларусь. Таму калі, прынамсі, пратэстанты тут вядуць сваю місіянерскую дзейнасць, Праваслаўная Царква лічыць, што яны дзейнічаюць на яе кананічнай тэрыторыі. Але ж як для католікаў, так і для пратэстантаў такі падыход не мае сэнсу. Бо, напрыклад, Каталіцкі Касцёл – Паўсюдны, сусветны, ён звяртаецца да людзей ва ўсім свеце. Але грунт гэтых непаразуменняў фарміруецца не ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, а ў Расіі, лічыць рэлігіязнаўца. Менавіта ў Маскоўскім Патрырхаце лічаць, што Беларусь – гэта яго кананічная тэрыторыя.

Але праваслаўныя святары ў Беларусі кажуць пра павагу да католікаў і жаданне ўзаемадзеяння. У беларускага праваслаўнага духавенства больш рэалістычная пазіцыя, адзначыў рэлігіязнайца. “Апошняя такая праблема ў тым, што ёсць запрашэнне ад кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і палітычнага кіраўніцтва краіны да папы Францішка да таго, каб ён прыехаў у Беларусь. Пазіцыя Беларускай Праваслаўнай Царквы сфармуліравана так: мы не супраць, мы зацікаўлены ў добрых узаемаадносінах з католікамі, але мы – частка Рускай Праваслаўнай Царквы і павінны на міжнародным узроўні падтрымліваць яе пазіцыю. А пазіцыя Рускай Праваслаўная Царквы такая: у сувязі з падзеямі ва Украіне, праблемай грэка-католікаў, прыезд у Беларусь Папы непажаданы. У выніку атрымліваецца: як Беларуская Праваслаўная Царква мы не супраць, мы зацікаўлены ў дыялогу, але як частка Рускай Праваслаўнай Царквы – мы не хочам прыезду Папы”, - выказаў сваё меркаванне рэлігіязнаўца.

Таксама Віктар Адзіночанка ахарактарызаваў ролю ў грамадстве розных хрысціянскіх канфесій. Грамадская дзейнасць Беларускай Праваслаўнай Царквы падтрымліваецца дзяржавай, бо ёсць такая ўстаноўка: праваслаўная царква – гэта частка дзяржаўнай ідэалогіі. Таму на прысягу ў войска, міліцыю, на асвячэнне будынкаў, на святы запрашаюць, як правіла, праваслаўных святароў. Што тычыцца грамадскай, у прыватнасці, дабрачыннай дзейнасці Каталіцкага Касцёла, то яна магла б быць разгорнута ў Беларусі ў значна большай ступені. Бо ён больш шматколькасны, мае сувязі з Захадам і развітымі краінамі. Таму Касцёл мог бы ажыццяўляць дабрачынную дзейнасць у значна большых аб’ёмах. Дзяржава не перашкаджае дабрачыннай дзейнасці Касцёла, але і не падтрымлівае. Калі казаць аб практычных момантах, гэта, напрыклад, праблемы з “растаможкай” гуманітарных грузаў, ажыццяўленнем пэўных праграм. Таксама і ў пратэстантаў ёсць вялікі місіянерскі імпэт і жаданне праводзіць у Беларусі дабрачынную дзейнасць. Яны хочуць наведваць шпіталі, вязніцы, дамы састарэлых, прывозіць гуманітарныя грузы, але ім разгарнуцца не даюць зусім, канстатуе рэлігіязнаўца.

Цікава, што найменш у Беларусі каталіцкіх рэлігійных супольнасцяў зарэгістравана ў Гомельскай вобласці – усяго 18. Але гэта не перашкаджае добраму ўзаемадзеянню паміж католікамі і праваслаўнымі. Напрыклад, калі не так даўно ў Гомелі паўстала пытанне аб рэгістрацыі новай каталіцкай парафіі, то мясцовы праваслаўны епіскап выказаўся аб гэтым станоўча і падкрэсліў, што падтрымлівае ініцыятыву аб рэгістрацыі ў Гомелі большай колькасці каталіцкіх парафій. Такім чынам, жаданне да ўзаемадзеяння паміж праваслаўнымі і католікамі ёсць, да гэтага ўжо зроблена шмат канкрэтных крокаў, падвёў вынік суразмоўца.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.