2015-04-19 14:22:00

Папа перад “Regina Coeli” пра змест хрысціянскага сведчання


Аб змесце хрысціянскага сведчання гаварыў папа Францішак 19 красавіка 2015 г. падчас сваіх разважанняў перад марыйнай малітвай “Regina Coeli” у Ватыкане. Яно не з’яўляецца ні тэорыяй, ні ідэалогіяй, ні складанай сістэмай дазволаў і забарон – гэта вестка збаўлення, канкрэтная падзея і нават Асоба – уваскрослы Хрыстус. “У біблійных чытаннях сённяшняй літургіі гучыць два разы слова “сведкі”. - нагадаў Папа - Упершыню яно з’яўляецца на вуснах Пятра, пасля аздараўлення паралізаванага каля брамы Ерузалемскай святыні, ён усклікае: “Забілі Пачынальніка Жыцця, якога Бог уваскрасіў з мёртвых, чаго мы сведкі” (Дз 3,15). У другі раз гучыць з вуснаў уваскрослага Езуса ў вечар свята Пасхі. Ён адкрывае розумы вучняў на таямніцу смерці і ўваскрасення, і кажа ім: “Вы – сведкі гэтага” (Лк 24,48). Апосталы, якія ўласнымі вачыма бачылі ўваскрослага Хрыста, не маглі абысці маўчаннем свой незвычайны досвед. Хрыстус з’явіўся ім, каб ісціна Яго ўваскрасення дасягнула ўсіх праз іх сведчанне. І Касцёл абавязаны працягваць гэту місію ў часе. Кожны ахрышчаны закліканы сведчыць словам і справай, што Езус уваскрос з мёртвых, што Ён жывы і прысутнічае сярод нас. Мы ўсе пакліканыя сведчыць, што Езус жыве!

Мы можам спытаць: хто сведка? Сведка той, хто бачыў, узгадвае і кажа пра гэта. Бачыць, узгадваць і гаварыць – гэта тры дзеясловы, якія апісваюць тоеснасць і місію. Сведка той, хто бачыў, аб’ектыўным, але не абыякавым вокам; бачыў і ўнікнуў у падзею. Таму узгадвае яе не толькі таму, што можа дакладна ўзнавіць факты, але і таму, што гэтыя факты на яго паўздзейнічалі, і ён зразумеў іх глыбокі сэнс. Тады сведка распавядае не холадна і абыякава, але як той, хто прыняў іх і з таго дня змяніў сваё жыццё. Сведка – гэта той, хто змяніў сваё жыццё.

Змест хрысціянскага сведчання – гэта не тэорыя, ідэалогія або складаная сістэма дазволаў і простае маралізатарства, але вестка пра збаўленне, канкрэтная падзея, больш за тое, Асоба – гэта ўваскрослы Хрыстус, жывы і адзіны Збаўца ўсіх. Аб Ім могуць сведчыць тыя, хто спазнаў гэта асабіста, у малітве і ў Яго Касцёле, праз шлях, які мае свае падставы ў хросце, свой пасілак у Эўхарыстыі, сваю пячатку ў канфірмацыі, сваё пастаяннае навяртанне ў сакрамэнце пакаяння і паяднання. Дзякуючы гэтаму працэсу, бесперапынна вядзёны Божым словам, кожны хрысціянін можа стаць сведкам ўваскрослага Езуса. А яго сведчанне будзе настолькі годным даверу, наколькі будзе выходзіць з ладу жыцця евангельскага, радаснага, адважнага, лагоднага, мірнага і міласэрнага. Калі, аднак, хрысціянін становіцца залежным ад камфорту, ганарыстасці, эгаізму, калі становіцца глухім і сляпым на заклік да “уваскрашэння” шматлікіх братоў, як ён зможа абвяшчаць Езуса жывога, Яго вызваленчую моц і бясконцую пяшчоту?

Няхай Марыя, наша Маці, падтрымлівае нас сваім заступніцтвам, каб мы маглі стаць, нягледзячы на нашы абмежаванні, але з ласкай веры, сведкамі ўваскрослага Пана, несучы людзям, якіх сустракаем, велікодныя дары радасці і спакою”, - сказаў Францішак.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў сабраных на плошчы св. Пятра і папрасіў у іх малітвы ў сваёй інтэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.