2015-04-19 12:10:00

У ЗША памёр кардынал Фрэнсіс Джордж


Мудрасць і лагоднасць кардынала Фрэнсіса Джорджа як пастыра падкрэсліў у спачувальнай тэлеграме пасля яго смерці папа Францішак. Арцыбіскуп Чыкага на пенсіі памёр 17 красавіка 2015 г. ва ўзросце 78 гадоў. Ён быў першым арцыбіскупам Чыкага, які быў родам з гэтага горада і адзіным, які дачакаўся пераходу на пенсію.

Іерарх узначальваў трэцюю па велічыні дыяцэзію ЗША з 1997 г. па 2014 г. У 2007-2010 гг. быў старшынёй мясцовага епіскапату. Меў два дактараты: па амерыканскай філасофіі і тэалогіі.

Кардынал Джордж быў паважаным лідэрам сярод біскупаў Злучаных Штатаў. Ён заўсёды займаў адназначную пазіцыю адносна вучэння Касцёла. Як старшыня епіскапату стаў вядомы сваёй крытыкай законапраекта адміністрацыі Абамы па змене сістэмы аховы здароўя, бо яна дазваляла фінансаванне абортаў і кантрацэпцыі з федэральных сродкаў. Адной з яго шматлікіх заслуг лічыцца ўвядзенне ў Касцёле ЗША прынцыпу “нулявой цярпімасці” для святароў, якія здзейснілі сексуальныя злоўжыванні.








All the contents on this site are copyrighted ©.