2015-04-20 13:45:00

Пантыфік абазначыў напрамкі развіцця Касцёла ў Габоне


Cтараннасць і евангельскае сведчанне місіянераў павінна быць натхненнем для Касцёла ў Габоне ў яго душпастырскай дзейнасці, лічыць Святы Айцец. Ён сустрэўся 20 красавіка 2015 г. у Ватыкане з епіскапатам гэтай краіны, які знаходзіцца ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum”. Пантыфік заклікаў іерархаў да “сапраўднага братэрства”, неабходнага для росту Касцёла на аснове калегіяльнасці. Таксама “адзінства святароў вакол сваіх біскупаў” з’яўляецца неабходным для будавання супольнасці як адзінай Божай сям’і. Тут не можа ісці гаворка аб ніякай дыскрымінацыі па племянной ці этнічнай прыкмеце. 

На думку Папы, асаблівая ўвага павінна быць звернута на падрыхтоўку пропаведзі і катэхізацыі, а таксама бесперапыннай адукацыі, што дапаможа адрадзіць апостальскі дынамізм вернікаў.

Кандыдаты на святарства таксама “заслугоўваюць месца ў сэрцах пастыраў”, звярнуў увагу Францішак. Распазнаванне паклікання і фарміраванне семінарыстаў павінна засноўвацца, у першую чаргу, на Евангелле, а затым толькі на культурных каштоўнасцях краіны. Таксама члены манаскіх супольнасцяў “маюць права на асаблівую ўвагу” з боку іерархаў. Варта не забывацца, “што значны ўклад у жыццяздольнасць” Касцёла ў Габоне ўносяць шматлікія свецкія вернікі, адзначыў Святы Айцец.

Папа заклікаў біскупаў Габона абараняць чалавечую годнасць і святасць жыцця. Ён папрасіў іерархаў і мясцовы Касцёл аб малітве за будучы Сінод Біскупаў на тэму сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.