2015-04-24 12:12:00

Ватыкан: прыярытэт міграцыйнай палітыкі – ратаванне жыццяў


На першым месцы ў міграцыйнай палітыцы павінна стаяць выратаванне чалавечых жыццяў, адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі. “Прыярытэтам павінна быць не столькі эканамічнае пытанне або непасрэдныя інтарэсы той ці іншай краіны, але менавіта выратаванне чалавечых жыццяў, якія знаходзяцца ў небяспецы. Гэта адпраўная кропка”, - сказаў дыпламат у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё каментуючы апошнія трагічныя падзеі ў Міжземным моры, у якім, на шляху да берагоў Еўропы, толькі за апошнія тыдні патанулі сотні выхадцаў з краін Паўночнай Афрыкі.

Паводле арцыбіскупа Тамазі, еўрапейскія чыноўнікі павінны паглядзець на вырашэнне праблемы міграцыі абсалютна па новаму. Неабходныя меры павінны сягаць далей за звычайны кантроль, бо інакш сітуацыя не зменіцца, лічыць ён.

Ватыканскі дыпламат скептычна паставіўся да ідэі знішчэння марскіх суднаў каля берагоў Лівіі, якія выкарыстоўваюцца для перавозу мігрантаў праз Міжземнае мора. На яго думку, гэта можа толькі запаволіць наплыў бежанцаў, але не вырашыць праблемы. “Міграцыя – гэта не ізаляваны факт”, - сказаў ён і нагадаў пра яе сувязь з камерцыяй, гандлем зброяй, адсутнасцю павагі да правоў чалавека, палітычнай падтрымкай урадаў, якія праз рэпрэсіі вымушаюць сваіх грамадзян уцякаць у пошуку больш годнага жыцця.

Арцыбіскуп Тамазі лічыць, што Еўропа павінна стаць больш адкрытай для мігрантаў. Ён нагадаў пра існаванне дзяржаў, якія прымаюць толькі сімвалічную колькасць людзей, маючых патрэбу ў новай краіне для пражывання. Немалаважным з’яўляецца таксама пераадоленне ксенафобіі, якая, нажаль, знаходзіць падтрымку у палітыцы многіх еўрапейскіх краін. Ватыканскі дыпламат нагадаў пра патрэбу Еўропы ў працоўнай сіле, а таксама пра гісторыю мігрантаў, якія нясуць дабро сябе, краінам, якія іх прымаюць і краінам свайго паходжання.








All the contents on this site are copyrighted ©.