2015-04-24 16:10:00

Дзяржсакратар: дыялог для Папы – рухавік прагрэсу


Разважлівы дыялог і павага да адметнасцяў – гэта рухавік прагрэсу ў глабалізаваным свеце, адзначыў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. 24 красавіка 2015 г. пурпурат выступіў з лекцыяй на тэму “Папа Францішак: яго бачанне і тэалогія адкрытага свету” у тэалагічнай акадэміі ў Трывенета, на поўначы Італіі, з нагоды яе 10-годдзя.

Правілам папы Францішка з’яўляецца дыялог. Пантыфік – прыхільнік “адкрытага свету”, у якім няма муроў, але захавоўваецца ідэнтычнасць кожнага і існуе салідарнасць паміж усімі. Дыялог для Святога Айца – гэта не тэорыя ці просты абмен ідэямі, але спосаб дасягнення прагрэсу чалавецтва, адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Салідарнасць для Францішка – гэта гарантыя таго, што свет, які шукае сапраўднай справядлівасці і найбольшага дабрабыту “не забудзе пра самых апошніх, не пакіне тых, хто не паспявае за рытмам эфектыўнасці, часта празмерным”, падкрэсліў кардынал Паралін.

Пурпурат нагадаў, што Францішак з’яўляецца прыхільнікам “новага сацыяльнага і эканамічнага супрацоўніцтва, свабоднага ад ідэалагізаванай абумоўленасці”. Яно, паводле Святога Айца, магчыма ў міжнароднай сферы, таму што “братэрства, глыбокае і сапраўднае” не з’яўляецца “прывелеем хрысціян, але аб’ядноўвае ўсе народы”.








All the contents on this site are copyrighted ©.