2015-04-24 14:40:00

Папа аб прыярытэтах Касцёла ў Намібіі і Лесота


Папа Францішак вызначыў душпастырскія прыярытэты для біскупаў з Намібіі і Лесота, якіх прыняў 24 красавіка 2015 г. на аўдыенцыі ў рамках візіту “ad limina Apostolorum”. Сям’я, бедныя, роля свецкіх у Касцёле – гэтыя тэмы былі цэнтральнымі ў пасланні, якое Пантыфік уручыў афрыканскім іерархам.

Святы Айцец заклікаў ніколі не забываць пра самых патрабуючых у душпастырскіх праграмах і мець да іх вялікую ўвагу, памятаючы, што “калі унутранае жыццё закрываецца на ўласных інтарэсах – знікае месца для іншых, у яго больш не ўваходзяць бедныя”. Да апошніх Пантыфік аднёс таксама хворых на СНІД. Неабходна перамагчы эгаізм ў прыватным і публічным жыцці. Гэта адзін з галоўных выклікаў, на якія Касцёл у Намібіі і Лесота павінен адказаць, лічыць Папа.

Іншым прыярытэтам ён назваў клопат аб сям’ях. Касцёл павінен быць блізкім да іх, асабліва калі перажываюць цяжкасці. Францішак адзначыў важнасць паглыблення падрыхтоўкі да сакрамэнту сужэнства. Заданнем Касцёла, на яго думку, з’яўляецца фармаванне такіх сем’яў, якія будуць садзейнічаць міру ў свеце, таму што сям’я – гэта спрыяльнае месца для пазнання і практыкавання культуры прабачэння, супакою і згоды. Здаровыя сем’і – гэта крыніца шматлікія святарскіх пакліканняў, а таксама месцы ў якіх людзі вучацца любіць, асабліва самых слабых.

Святы Айцец заклікаў біскупаў з Намібіі і Лесота адкрыта казаць аб радасці ахвяравання сябе Хрысту, даючы асабістае сведчанне праз жыццё святарскімі абавязкамі, цэлібатам і непрывязанасцю да матэрыяльных дабротаў. Францішак нагадаў аб незаменнай ролі свецкіх вернікаў, якія павінны стаць “галоўнымі дзеючымі асобамі абноўленага афрыканскага грамадства”.   








All the contents on this site are copyrighted ©.