2015-04-25 11:57:00

Кардынал: вынішчэнне армян пры пасіўнасці Еўропы


Вынішчэнне армян, а таксама хрысціян асірыйцаў, халдэяў, сірыйцаў і іншых у турэцкай дзяржаве ў з 1915 па 1918 гады адбывалася пры бяздзейнасці і маўчанні еўрапейскіх дзяржаў. Пра гэта нагадаў у вялікім артыкуле на старонках італьянскай каталіцкай газеты “Avvenire” прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў кардынал Фернанда Філоні. Іерарх прымеркаваў яго да 100-годдзя генацыду армян, які адзначаецца ў гэтыя дні.

Спасылаючыся на вядомае цынічнае пытанне Гітлера, які рыхтаваў вынішчэнне яўрэяў перад Другой сусветнай вайной: “Хто сёння яшчэ кажа аб разні армян?”, аўтар артыкула заўважыў, што ў гістарычным сэнсе ёсць шмат агульнага паміж двума генацыдамі.

У перыяд з 1915 па 1918 гады папярэдні пераслед і пагромы армян перараслі ў сапраўдную бойню, у ходзе якой жорстка і зверскі былі забіты сотні тысяч прадстаўнікоў народу. Іншыя сотні тысяч памерлі ад голаду і знясілення падчас прымусовай дэпартацыі або уцёкаў ад забойства.

Кардынал прывёў шэраг лічбаў: сярод смяротных ахвяраў было пяць епіскапаў, і яшчэ тры памерлі ў выгнанні. З 17 армянскіх епархій захаваліся толькі 3; 126 з 250 святароў былі забітыя разам з шматлікімі законніцамі. 

Ватыканскі іерарх спаслаўся на справаздачу французскага дамініканіна Франсуа-Мары Дамініка Бэры, пазнейшага арцыбіскупа Багдаду. Ён разам з двума братамі ў 1914 г. быў дэпартаваны з Масула ў Мардзін, і там яны сталі сведкамі смерці мясцовых хрысціян. Законнік цытуе меркаванне туркаў, якія лічылі Германію сваім саюзнікам, што падтрымлівае іх дзеянні. Паводле слоў дамініканіна, турэцкія ўлады ведалі вельмі добра, што яны робяць, спрабуючы цалкам ліквідаваць хрысціян на сваіх землях.
У канцы артыкулу кардынал-прэфект паставіў некаторыя з пытанняў, зададзеных айцом Бэры. На думку іерарха, яны не згубілі актуальнасці да сённяшняга дня: “Чаму вінаватыя ў гэтых злачынствах, калі паўсталі пасля вайны перад судом, былі хутка вызваленыя? Чаму забівалі жанчын і дзяцей? Чаму гінулі армяне, якія жылі на перыферыі імперыі, і не былі звязаны з незалежніцкімі арганізацыямі, якіх туркі лічылі асабліва небяспечнымі для сябе?”. Кардынал Філоні паўтарыў жаданне дамініканіна, “каб сумленне цывілізаваных народаў змагло ў адзін цудоўны дзень узяць на сябе функцыі навукова-даследчых камісій і аддаць належнае незлічоным ахвярам”.








All the contents on this site are copyrighted ©.