2015-04-25 11:36:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі пра падзеі ў свеце


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін адказаў на пытанні журналістаў адносна актуальных тэмаў міжнароднай павесткі дня: 100-годдзя армянскай трагедыі, праблемы міграцыі, падарожжа Папы на Кубу, адносін Апостальскай Сталіцы з Кітаем, тэрарыстычнай пагрозы для Ватыкану. Размова з прадстаўнікамі СМІ адбылася 24 красавіка 2015 г. у тэалагічнай акадэміі Трывенета, на поўначы Італіі, куды бліжэйшы супрацоўнік Папы быў запрошаны з лекцыяй.

Каментуючы словы Святога Айца аб фізічным знішчэнні армян у Асманскай імперыі на пачатку ХХ стагоддзя, кардынал Паралін падкрэсліў, што яны былі “вельмі яснымі і ў той жа час вельмі стрыманымі”. Папа выказаўся аб гэтай трагедыі, каб паспрыяць прымірэнню. “Калі мы ўзгадваем пра тыя падзеі – то не для таго, каб выклікаць варожасць, а каб заклікаць усе бакі – праз сродкі, якія здаюцца найбольш адпаведнымі – зблізіцца, даць супольную інтэрпрытацыю гісторыі, каб знайсці прычыны для згоды”, - сказаў ватыканскі іерарх.

Гаворачы аб восеньскім візіце Пантыфіка на Кубу, у кантэксце падарожжа ў ЗША, кардынал Паралін адзначыў яго сувязь з пацяпленнем адносін паміж гэтымі краінамі. Візіт папы Францішка мае на мэце патрымаць гэты працэс.

Кардынал Дзяржсакратар з жалем адзначыў, што без зменаў застаюцца адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Кітаем. “Мне было б прыемна, калі б яны заіснавалі, я б хацеў пра іх абвясціць, але нажаль іх няма”, - сказаў пурпурат і дадаў, што Святы Пасад адкрыты на дыялог з гэтай азіяцкай краінай.

Праблема міграцыі патрабуе салідарнага адказу ўсіх краін, падкрэсліў кардынал Паралін. Ён назваў у якасці прыярытэту, стварэнне такіх умоў у краінах паходжання мігрантаў, якія б дазволілі ім спакойна жыць у сябе на радзіме. Іерарх перакананы таксама, што немагчыма быць добрымі католікамі без адкрытасці на мігрантаў. “Любоў да Бога і бліжняга – гэта вяршыня хрысціянскага жыцця, а любоў азначае адкрытасць да ўсіх”, - нагадаў ён.

Каментуючы нядаўнія паведамленні італьянскіх спецслужбаў аб планаваных тэрактах у Ватыкане і арыштах членаў радыкальных ісламісцкіх груповак у Італіі, кардынал Паралін падкрэсліў, што існуе асцярога за жыцці нявінных людзей, якія могуць пацярпець. Папа, у сваю чаргу, захоўвае спакой, што бачна па яго стылі камунікацыі падчас сустрэч з вернікамі, адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.