2015-04-25 11:43:00

Папа ў прамым эфіры прывітае ўдзельнікаў “Expo 2015”


Папа Францішак асабіста звернецца да ўдзельнікаў Сусветнай выставы “Expo 2015” у Мілане, падчас яе інаўгурацыі 1 мая 2015 г. Гэта адбудзецца ў рэжыме тэлемаста паміж Рымам і Міланам, які арганізуюць італьянскае тэлебачанне “Rai” і Ватыканскі тэлевізійны цэнтр. Рашэнне Святога Айца прыняць удзел у цырымоніі адкрыцця міжнароднага форума звязана з зацікаўленасцю яго тэмай з боку Касцёла: “Накарміць планету. Энергія для жыцця”, адзначаецца ў спецыяльным паведамленні Міланскай архідыяцэзіі.

Апостальская Сталіца будзе прадстаўлена на “Expo 2015”. Назва ватыканскага выставачнага павільёну: “Не хлебам адзіным”. Экспазіцыя будзе раскрываць чатыры галоўныя тэмы: экалогіі, салідарнасці ў эканоміцы, выхавання, хлеба.

Унутры павільёну наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з тэматычнай фотавыставай, якую стварылі аўтары з розных частак планеты. На працягу першых трох месяцаў форума ў ватыканскім павільёне будзе выстаўлены твор Цінтарэта “Апошняя вячэра”, а на працягу астатніх шасці – “Апошняя вячэра” Рубенса.

У цэнтры ватыканскага павільёну размесціцца доўгі інтэрактыўны інфармацыйны стол. Будуць трансліравацца відэаматэрыялы аб пакутах людзей і дабрачыннай дзейнасці Касцёла ў розных частках свету, звароты Папы на гэту тэму. 

Акрамя Апостальскай Сталіцы на “Expo 2015” будзе прадстаўлена каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas internationalis” і яе праекты па барацьбе з голадам у свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.