2015-04-25 12:51:00

Францішак: навучанне Яна Паўла ІІ актуальнае, як ніколі


25 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Фонда Яна Паўла ІІ – аб’яднання, якое ўжо на працягу больш 30-ці гадоў займаецца ініцыятывамі адукацыйнага, культурнага, рэлігійнага і дабрачыннага характару.

“Кананізацыя папы Яна Паўла ІІ дала новы імпульс вашай працы, служэнню Касцёлу і евангелізацыі. Зрабіла яе, наколькі гэта было магчыма, яшчэ больш паўсюднай, як паўсюднай з’яўляецца тая пашана, якой ён карыстаецца сярод народу Божага. І вы робіце каштоўны ўклад, каб духоўная спадчына гэтага святога Пантыфіка працягвала прыносіць плёны на вялікім полі Касцёла і падтрымліваць яго шлях у гісторыі”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падзякаваў членам Фонда за ініцыятывы адукацыйнага характару на карысць моладзі. “На самой справе, св. Ян Павел ІІ заўсёды меў вялікую любоў да моладзі і асаблівы душпастырскі клопат аб ёй. А вы спрыяеце таму, каб яго харызмат і бацькоўства працягвалі прыносіць плёны”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Фонд дзейнічае на карысць святароў і свецкіх вернікаў, дапамагаючы ім адказваць на культурныя і душпастырскія выклікі сучаснасці. Ён заклікаў чэрпаць натхненне з вялікай спадчыны сацыяльнага навучання, якую пакінуў Касцёлу св. Ян Павел ІІ і якая сёння актуальная, як ніколі. “Дастаткова падумаць пра адно з ключавых словаў гэтага навучання: “салідарнасць”. Магчыма хтосьці жадае, каб яно было забыта, але на самой справе сёння яно захоўвае ўсю сваю прароцкую сілу”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў членаў Фонда Яна Паўла ІІ жыць салідарнасцю, пастаянна ўмацоўваючы яе хрысціянскім братэрствам, малітвай і паслухмянасцю Божаму слову.  








All the contents on this site are copyrighted ©.