2015-04-27 12:04:00

Пантыфік адзначыў грамадскую ролю Касцёла ў Беніне


Імкненне да глыбокіх ведаў хрысціянскай таямніцы – гэта не прэрагатыва эліты, але пакліканне ўсіх вернікаў, лічыць Святы Айцец. 27 красавіка 2015 г. ён сустрэўся з епіскапатам Беніна, які знаходзіцца ў Рыме з візітам “ad limina Apostolorum”. Папа заклікаў іерархаў працягваць падтрымліваць сем’і ў складанай сацыяльнай і культурнай сітуацыі і не забывацца пра моладзь і яе адукацыю.

Бенін з’яўляецца прыкладам гармоніі паміж рэлігіямі ў сваім рэгіёне, звярнуў увагу Пантыфік. Тут асабліва важны дыялог з ісламам, улічваючы цяперашні глабальны геапалітычны клімат.

Францішак заклікаў біскупаў клапаціцца пра захаванне асноўных правоў чалавека, змагацца супраць “культуры адходаў”, памятаючы, што служэнне Касцёла, гэта не проста сацыяльная дапамога, але праява пяшчоты і міласэрнасці самога Езуса. Тут ён звярнуў увагу на тых, хто служыць Евангеллю і з радасцю адзначыў вялікую колькасць святарскіх і манаскіх пакліканняў у краіне. У іх падрыхтоўцы і выхаванні павінен быць захаваны чалавечы, духоўны і інтэлектуальны баланс, лічыць Пантыфік. Вялікая колькасць духавенства, гэта таксама магчымасць кадрава дапамагчы іншым Касцёлам рэгіёна. Біскупы, у сваю чаргу, павінны заствацца айцамі для святароў.

Папа адзначыў добрыя адносіны Касцёла ў Беніне з грамадзянскімі ўладамі і заклікаў мясцовы епіскапат працягваць удзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, не трапляючы ў любога роду палітычныя гульні або міжпартыйныя сваркі.








All the contents on this site are copyrighted ©.