2015-04-28 12:54:00

Святы Пасад пра выкарыстанне ваенных робатаў


Этычныя пытанні, звязаныя з выкарыстаннем аўтаномных робататэхнічных сістэм вядзення бою, нагадаў прадстаўнік Святога Пасаду пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі. Ён прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы спецыялістаў па гэтым відзе ўзбраення. У сваім выступленні ён звярнуў увагу на рост канцэнтрацыі ўзброеных канфліктаў у вельмі ўрбанізаваных і густанаселеных рэгіёнах, што нясе канкрэтныя праблемы ў галіне распрацоўкі і прымянення дыстанцыйна кіраваных або запраграмаваных баявых машын.

У першую чаргу, ватыканскі дыпламат падкрэсліў неабходнасць захавання нормаў міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку ў выкарыстанні на полі бою узброеных робатаў. Ён крытычна выказаўся на тэму дэлегавання машыне рашэння аб забойстве, што можа зрабіць чалавека закладнікам сваіх жа вынаходак, а іх выкарыстанне ў канфліктах можа спрыяць далейшай дэгуманізацыі войнаў і безадказнасці ў іх ініцыяванні. У гэтым кантэксце арцыбіскуп Тамазі нагадаў пра ненадзейнасць складанай баявой тэхнікі і яе няздольнасць самастойна прагназаваць далейшыя вынікі смяротнага рашэння. Сумнеў выклікаюць таксама: адсутнасць гарантыі, што баявы робат спрацуе адпаведна з намерам уладальніка, і велізарныя кошты такіх узбраенняў, што паглыбляе цывілізацыйныя розніцы ў свеце.

Прадстаўнік Святога Пасаду перадаў удзельнікам жэнеўскай канферэнцыі дэталёвае даследаванне, якое змяшчае каментары па прававых і этычных аспектах развіцця і выкарыстання аўтаномных сістэм знішчальнага ўзбраення.








All the contents on this site are copyrighted ©.