2015-04-30 15:47:00

Святы Айцец: палітыка – самая высокая форма любові


Удзел у палітыцы можа стаць для католіка сапраўдным шляхам да святасці, сказаў папа Францішак 30 красавіка 2015 г. падчас аўдыенцыі для членаў Супольнасці хрысціянскага жыцця, італьянскай каталіцкай арганізацыі, якая прапагандуе духоўнасць св. Ігнацыя Лаёлы. У сустрэчы з Пантыфікам у Ватыкане прынялі ўдзел каля 5 тыс. асоб. Папа адказаў на некалькі пытанняў маладых удзельнікаў асацыяцыі.

Адно з іх тычылася адносін католіка да палітычнага жыцця. Папа выказаўся супраць стварэння нейкай “каталіцкай партыі”, таму што яна не будзе мець здольнасці аб’яднаць усіх. Адначасова ён нагадаў, што палітыка – гэта адна з самых высокіх форм любові, таму што яе мэта – клопат аб супольным дабры.

У сённяшнім карумпаваным свеце займацца палітыкай складана, тым не менш, яна можа стаць сапраўдным шляхам да святасці, лічыць Пантыфік. У гэтым кантэксце ён паставіў у прыклад двух еўрапейскіх дзяржаўных дзеячаў пасляваеннага часу: Альчыда Дэ Гаспары і Роберта Шумана, якія з’яўляюцца кандыдатамі да беатыфікацыі.

Папа таксама падкрэсліў, што ўдзел у палітыцы, гэта свайго роду мучаніцтва, бо патрабуе штодзённай вернасці ідэалу супольнага дабра і нясення цяжкага крыжа, звязанага з паразамі і грахамі. “Складана рабіць дабро сярод грамадства і не запэцкаць рукі ці сэрца: таму ідзі, каб папрасіць прабачэння, прасі прабачэння і працягвай працаваць”, - заклікаў Пантыфік.

Папа нагадаў, што дзеці, пажылыя людзі і моладзь сёння выкідаюцца на ўзбочыну сацыяльнага жыцця, прыносяцца ў ахвяру бажку, імя якога – грошы. За гэтым католікі не могуць “назіраць з балкона”. Яны павінны вырашаць гэту праблемы сваім удзелам у палітычным жыцці, перакананы Францішак. 








All the contents on this site are copyrighted ©.