“Голас Біскупа Рыма, які кажа ад імя Божага народа, што пілігрымуе па ўсім свеце, гэта голас многіх бедных людзей, якія з’яўляюцца часткай гэтага народа і з годнасцю спрабуюць зарабіць сабе на хлеб у поце твару свайго”, - так распачаў 1 мая 2015 г. сваё відэа-пасланне да ўдзельнікаў цырымоніі адкрыцця выставы “Expo 2015” у Мілане папа Францішак. Яно прагучала ў прамым эфіры, дзякуючы тэлемасту паміж Ватыканам і Міланам. Пантыфік пажадаў, каб словы: “Накарміць планету. Энергія для жыцця”, не засталіся толькі тэмай форуму, але знайшлі сваю рэалізацыю ў канкрэтных праектах для дапамогі мільёнам галодных на планеце. Папа выказаў спадзяванне, што кожны наведвальнік “Expo”, дзякуючы шматлікім павільёнам, “зможа адчуць прысутнасць гэтых асоб”, і што апошнія стануць “сапраўднамі героямі мерапрыемства”.
“Парадокс багацця”, па-ранейшаму мае месца ў свеце, нягледзячы на намаганні і некаторыя добрыя вынікі, звярнуў увагу Папа і дадаў, што “нават “Expo”, у некаторых адносінах, з’яўляецца часткай” яго, “калі падпарадкоўваецца культуры марнатраўнасці, адходаў, і не спрыяе мадэлі справядлівага і ўстойлівага развіцця”. Ён выказаў надзею, што форум зробіць свой уклад у “змену менталітэту”, які ўтрымлівае меркаванне, “што нашы штодзённыя дзеянні (...) не ўплываюць на жыццё тых, хто побач або далёка церпіць ад голаду”.
“Няхай Пан дасць мудрасць і мужнасць у так вялікай адказнасці” для практыкаў і даследчыкаў харчовай прамысловасці, пажадаў Святы Айцец і падзяліўся спадзяваннем, што іх праца стане часткай “вялікага праекту салідарнасці”: накарміць свет і зрабіць гэта з павагай да навакольнага асяроддзя. Папа назваў гэта Божым выклікам для чалавецтва ХХІ стагоддзя.
Францішак заклікаў не забыцца пра ўсіх, хто рыхтаваў міланскую “Expo”, асабліва пра найбольш “схаваных і непрыкметных”, якія дзякуючы выставе зарабілі на хлеб, каб прынесці яго ў свае дамы. “Няхай ніхто не будзе пазбаўлены гэтай годнасці! Няхай ніводзін хлеб не стане вынікам працы недастойнай чалавека!”, - сказаў Папа ў сваім звароце. Ён пажадаў выкарыстаць “выдатную магчымасць” правядзення форуму з адказнасцю.
All the contents on this site are copyrighted ©. |