2015-05-06 11:11:00

Папа аб прыгажосці хрысціянскага сужэнства


Прыгажосць хрысціянскага сужэнства была галоўнай тэмай катэхезы папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі 6 мая 2015 г. у Ватыкане. Гаворка ідзе не проста пра цырымонію, якая праходзіць у храме – з кветкамі, прыгожымі строямі, фатаграфаваннем, – але пра сакрамэнт, які здзяйсняецца ў Касцёле і стварае Касцёл, паколькі дае жыццё новай сямейнай супольнасці, заўважыў Пантыфік.

Папа нагадаў пра аналогію, якую апостал Павел праводзіў, сцвярджаючы, што любоў паміж сужонкамі – гэта вобраз любові паміж Хрыстом і Касцёлам. Гэта любоў мае неймаверную годнасць і запісана ў творчы план Бога. Дзякуючы ласцы Хрыста незлічоныя хрысціянскія пары, нават са сваімі абмежаванасцямі і грахамі, рэалізавалі яе, падкрэсліў Пантыфік.

“Ясна, што гаворка ідзе пра недасканалую аналогію, але мы павінны ўсвядоміць духоўны сэнс, які з’яўляецца найвышэйшым і рэвалюцыйным, а ў той жа час простым, зразумелым кожнаму мужчыне і кожнай жанчыне, якія давяраюцца Божай ласцы. Муж, – кажа Павел – павінен любіць жонку “як сваё цела”; любіць яе, як Хрыстус “палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго”(...). Плён гэтага радыкалізму самапрысвячэння, які патрабуецца ад мужчыны дзеля любові і годнасці жанчыны, па прыкладзе Хрыста, павінен стаць значным у самой хрысціянскай супольнасці. Гэта семя евангельскай навізны, якая ўстанаўлівае першапачатковую ўзаемнасць самапрысвячэння і павагі, паступова наспявала ў гісторыі, і нарэшце набрала сілы”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што “сакрамэнт сужэнства з’яўляецца магутнай праявай веры і любові: ён сведчыць аб адвазе веры ў прыгажосць творчага акту Бога і жыцця той любоўю, якая заўсёды падштурхоўвае сягаць па-за самога сябе і нават па-за саму сям’ю”.

“Касцёл глыбока ўключаны ў гісторыю кожнага хрысціянскага сужэнства: ён умацоўваецца іх поспехамі і пакутуе ад іх падзенняў. Але мы павінны сур’ёзна адказаць сабе на пытанне: ці прымаем да канца – мы самі, як вернікі і пастыры, – гэту непарыўную сувязь гісторыі Хрыста і Касцёла з гісторыяй сужэнства і чалавечай сям’і? Ці гатовы мы сур’ёзна прыняць на сябе гэту адказнасць, прыняць тое, што кожнае сужэнства ідзе шляхам любові, якую Хрыстус адчувае да Касцёла?”, - спытаў Францішак.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што хрысціянскае сужэнства мае місійнае вымярэнне. “Цэлебрацыя сакрамэнту не можа пакідаць па-за ўвагай тую сумесную адказнасць сямейнага жыцця перад вялікай місіяй любові Касцёла. І так жыццё Касцёла ўзбагачаецца кожны раз прыгажосцю гэтага сужэнскага саюза, як і бяднее кожны раз, калі ён знявечваецца. Касцёл, каб ахвяраваць ўсім дары веры, любові і надзеі, мае патрэбу ў адважнай вернасці сужонкаў ласцы іх сужэнства! Народ Божы мае патрэбу ў іх штодзённым шляху веры, любові і надзеі, з усімі радасцямі і цяжкасцямі, якія гэты шлях прадугледжвае для сужэнства і сям’і”, - сказаў Папа. Францішак назваў хрысціянскіх сужонкаў “фундаментальным рэсурсам для Касцёла” і папрасіў Бога тысячаразова благаславіць іх.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што ў мінулую пятніцу пачаўся май, месяц, традыцыйна прысвечаны ў Каталіцкім Касцёле Маці Божай. Па традыцыі, звяртаючыся да моладзі, хворых і маладых сужонкаў ён заклікаў іх бачыць у Панне Марыі прытулак у моманты цяжкасцяў, дапамогу ў нясенні штодзённага крыжа і падтрымку для будавання сем’яў, напоўненых малітвай і ўзаемаразуменнем.








All the contents on this site are copyrighted ©.