2015-05-15 11:39:00

Папа пра баязлівыя і смутныя супольнасці вернікаў


Хрысціянскія супольнасці не могуць быць баязлівымі і смутнымі, адзначыў папа Францішак 15 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Страх чыніць вялікую шкоду. Асоба, якая баіцца – не робіць нічога, не ведае, што рабіць. Яна засяроджваецца на самой сябе, каб з ёй “не здарылася чаго”. Страх вядзе да эгацэнтрызму і паралізуе. “Баязлівы хрысціянін – гэта чалавек, які не зразумеў у чым заключаецца пасланне Езуса”, - сказаў Пантыфік у сваёй гаміліі.

Менавіта таму, паводле словаў Папы, Езус заклікаў св. Паўла не баяцца: страх, гэта не хрысціянскі стыль паводзінаў. Гэта стан зняволенай, несвабоднай душы. Не заўсёды, але часцей за ўсё, гэта стан чалавека няздольнага глядзець наперад, быць крэатыўным, чыніць дабро, сказаў Папа і заклікаў не баяцца прасіць у Бога аб ласцы смеласці.

“Існуюць баязлівыя супольнасці, якія заўсёды ідуць толькі па бяспечным шляху”, нібыта ім усё забаронена. Калі трапляеш у такое асяроддзе адчуваеш, што “паветра тут непрадыхлівае”, бо гэта супольнасць – хворая. Святы Айцец супрацьпаставіў такому паралізуючаму і прыніжаючаму страху боязь Божую, якая вядзе да выканання даверанай Богам місіі.

Іншай тэмай гаміліі папы Францішка была радасць. Ён нагадаў словы Езуса пра тое, што сапраўднай радасці хрысціян ніхто не зможа пазбавіць, нават у самыя смутныя і балючыя моманты. Гэта радасць становіцца спакоем.

Хрысціянская радасць – гэта не простая пацеха, не мімалётная весялосць; хрысціянская радасць – гэта дар Святога Духа. Яе крыніцай з’яўляецца вера ў тое, што Пан – перамог, Ён пануе і сядзіць параваруч Айца, паглядзеў на людзей і ўчыніў дзецьмі Божымі. Смутная супольнасць з’яўляецца хворай марнасцю, сказаў Папа і заклікаў прасіць Бога аб дарах мужнасці і радасці Хрыстовай. 








All the contents on this site are copyrighted ©.