2015-05-21 11:05:00

Кардынал Амата пра святасць арцыбіскупа Рамэра


Дзейнасць арцыбіскупа Рамэра на карысць бедных была натхённая Евангеллем, а не ідэалогіяй. Яго любоў распаўсюджвалася таксама і на прыгнятальнікаў, якім ён прапаведваў навяртанне і абяцаў прабачэнне, нягледзячы ні на што. Міласэрнасць для яго была нечым звычайным, распавёў кардынал Анджэла Амата напярэдадні беатыфікацыі лацінаамерыканскага іерарха, якая пройдзе 23 мая 2014 г. ў Сан-Сальвадоры.

Гаворачы пра тоеснасць будучага благаслаўлёнага, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі нагадаў словы папы Францішка, які акрэсліў Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса, як “біскупа і мучаніка, пастыра паводле сэрца Хрыстовага, евангелізатара і айца бедных, гераічнага сведку Валадарства Божага, Валадарства справядлівасці, братэрства і спакою”.

“Сапраўды, Рамэра быў добрым святаром і мудрым біскупам. Але перш за ўсё ён быў дабрадзейным чалавекам. Любіў Езуса і ўшаноўваў Яго ў Эўхарыстыі, любіў Касцёл і свой народ, меў пашану да Панны Марыі. Яго мучаніцтва не было імправізацыяй, але мела доўгую прадгісторыю”, - сказаў кардынал Амата. Арцыбіскуп Рамэра быў чалавекам бескарыслівым. Ён дапамагаў усім, хто да яго звяртаўся. “Часам казалі, што калі б яму вярнулі ўсе грошы, якія ён раздаў, ён мог бы стаць міліянерам”, - заўважыў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі.

Вялікі ўплыў на арцыбіскупа Рамэра аказала забойства ў 1977 г. яго сябра, сальвадорскага езуіта айца Руцільё Грандэ – абаронцы самых прыгнечаных і маргіналізаваных слаёў грамадства. З таго часу іерарх пачаў рашуча выступаць у абарону пераследаваных святароў і бедных людзей, нягледзячы на пагрозы, якія атрымоўваў штодзённа. “Яго словы не былі выразам нянавісці ці жадання помсты, але зваротам айца да сваіх падзеленых сыноў, якіх ён запрашаў да любові, прабачэння і згоды”, - сказаў кардынал Амата.








All the contents on this site are copyrighted ©.