2015-05-22 12:17:00

Сікстынская капэла працягвае экуменічны праект


З 2012 г. хор Сікстынскай капэлы рэалізуе адмысловы экуменічны праект. З таго часу яго ўдзельнікі ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла спявалі разам з хорам Вестмінстэрскага абацтва, з “ThomanerChor” з Лейпцыга і хорам Маскоўскага Патрыярхата. Сёлета ва ўрачыстасць святых апосталаў, да папскага калектыву далучыцца англіканскі хор хлопчыкаў “New College” пры Оксфардзкім універсітэце. Два музычных калектывы прапануюць канцэрт у Сікстынскай капэле 27 чэрвеня 2015 г. для членаў Рымскай курыі і кіраўнікоў дыпламатычных місій, акрэдытаваныя пры Святым Пасадзе. 29 чэрвеня яны, сабраныя ў адзін хор, будуць спяваць падчас Эўхарыстыі ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, якую ўзначаліць Пантыфік.

Ватыканскія мерапрыемствы папярэдзіць візіт хору Сікстынскай капэлы ў Оксфард. Ён пачнецца 28 мая. Папскі калектыў правядзе некалькі супольных рэпетыцый з англіканскім хорам. Пасля гэтага ватыканскія спеваці паедуць у Лондан, каб там далучыцца да хору Вестмінстэрскага абацтва падчас набажэнства напярэдадні ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. На наступны дзень у Вестмінстэрскім абацтве адбудзецца канцэрт музыкі вялікага кампазітара Сікстынскай капэлы Джавані П’ерлуіджы дзі Палестрына.

“New College Choir” з’яўляецца адным з самых знакамітых і прызнаных харавых калектываў Вялікабрытаніі. Ён быў заснаваны ў канцы XIV ст. і складаецца з каля 30 выкалістаў. Хор мае багатую дыскаграфію, якая налічвае больш за сто кампакт-дыскаў з самым шырокім дыяпазонам харавой музыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.