2015-05-23 11:48:00

Беатыфікацыя арцыбіскупа – абаронцы бедных


23 мая 2015 г. на плошчы Амерык у сталіцы Сальвадора – Сан-Сальвадоры, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынал Анджэла Амата, абвесціць былога арцыбіскупа гэтага горада Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса благаслаўлёным. Ён памёр мучаніцкай смерцю 24 сакавіка 1980 г. Іерарх стаў вядомы як пастыр і абаронца бедных, а яго гвалтоўная смерць да гэтага часу не ў поўнай меры высветлена. Беатыфікацыя, якая адбудзецца праз 35 гадоў пасля трагічных падзей, выклікае вялікую цікавасць ва ўсім свеце, асабліва ў Лацінскай Амерыцы. На яе павінна сабрацца чвэрць мільёна чалавек з розных краін свету і шэрагу дзяржаўных дзеячаў з рэгіёну. 

Беатыфікацыйны працэс арцыбіскупа пачаўся яшчэ ў 1997 г., але праз некалькі гадоў па розных прычынах быў спынены. Яго аднавілі ўжо падчас пантыфікату Францішка, які 3 лютага 2015 г. падпісаў дэкрэт аб прызнанні мучаніцтва сальвадорскага іерарха, што адкрыла шлях да яго беатыфікацыі.

Арцыбіскуп Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес (1917-1980 гг.) выступаў супраць несправядлівасці і гвалту, што чыніла вайсковая хунта ў Сальвадоры. Ён быў забіты падчас правядзення св. Імшы ў капліцы сталічнага шпіталя. Іерарх прамовіў гамілію, у якой у чарговы раз разважаў аб важных сацыяльных праблемах народа. У момант, калі падняў келіх з Крывёй Хрыста, у храм уварваўся наёмны забойца і некалькі разоў стрэліў у арцыбіскупа, які загінуў на месцы, у прысутнасці вернікаў.

Падчас свайго першага знаходжання ў Сальвадоры 6 сакавіка 1983 г. св. Ян Павел II спецыяльна змяніў частку сваёй праграмы і прасіў дазвол на візіт да магілы арцыбіскупа ў сталічнай катэдры. Пантыфік доўга маліўся каля яе.

На Генеральнай Асамблеі “Caritas Internationalis”, якая завяршылася некалькі дзён таму ў Рыме, у прысутнасці 160 прадстаўнікоў нацыянальных падраздзяленняў, арцыбіскуп Оскар Рамэра быў абраны апекуном асацыяцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.