2015-05-25 13:15:00

Ватыканскі банк прадставіў справаздачу за 2014 год


Чысты прыбытак Інстытута рэлігійных спраў, шырока вядомага як Ватыканскі банк, склаў у 2014 г. 69,3 млн. еўра, што з’яўляецца значным узростам, бо годам раней гэта сума складала ўсяго 2,9 млн. Гэта звязана, галоўным чынам, з больш эфектыўным кіраваннем фінансавым партфелем і зніжэннем надзвычайных выдаткаў. 25 мая 2015 г. была апублікавана фінансавая справаздача Інстытута рэлігійных спраў – Ватыканскага банка – за 2014 год. Згодна з дакументам, актывы структуры павялічыліся ў параўнанні з 2013 г. на 14 млн. еўра – з 5948 млн. еўра да 5962 млн. еўра. Гэта адбылося, галоўным чынам, за кошт укладаў кліентаў. Іх сума вырасла, насуперак тэндэнцыі апошніх сямі гадоў, з 1871 млн. еўра да 2065 млн. еўра. Таксама павялічыліся маёмасныя актывы банка: з 2,3 млрд. еўра да 3,2 млрд. еўра. 

Паляпшэнне аказання паслуг у кіраванні маёмасцю і забеспячэнне высокіх стандартаў у працы з кліентамі з’яўляецца галоўным выклікам для Інстытута рэлігійных спраў і ключавым пунктам стратэгічнага плану, адзначыў у каментары да справаздачы кіраўнік фінансавай установы Святога Пасаду Жан-Батыст дэ Франсю. Ён перакананы, што рэалізацыя гэтага плану паменшыць рызыкі, стабілізуе, а ў далейшым і павялічыць даходы Інстытута рэлігійных спраў і Апостальскай Сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.