2015-05-25 12:47:00

Папа: прывязанасць да багаццяў – пачатак карупцыі


Эгаістычная прывязанасць да багаццяў пазбаўляе надзеі і стаіць ля вытокаў  карумпаванасці, падкрэсліў папа Францішак 25 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над евангельскім апавяданнем пра юнака, які з маленства захоўваў усе запаведзі, але быў празмерна прывязаны да сваіх багаццяў і таму не мог атрымаць у спадчыну жыццё вечнае.

Такая прывязанасць, паводле Францішка, стаіць ля вытокаў карумпаванасці, якая прасяквае ўсе сферы: асабістую, палітычную, адукацыйную; пранікае ў бізнес і нават дробны гандаль, калі абвешваюць пакупнікоў нават на 50 грамаў.

Людзі, якія жывуць прывязанасцю да сваёй улады і багаццяў, думаюць, што гэта ўжо “нябёсы”. Яны закрыліся, страцілі надзею. Багацці маюць здольнасць падманваць людзей, даюць адчуванне “зямнога раю”, усяго толькі ілюзорнага і пазбаўленага гарызонту, нібы агароджанага высокім плотам. Жыццё без гарызонту – бясплоднае і сумнае, гэта жыццё без надзеі, сказаў Папа.

Прывязанасці да багацця Францішак супрацьпаставіў “добрае распараджэнне дабротамі”. Матэрыяльныя сродкі павінны спрыяць супольнаму дабру, нагадаў Святы Айцец і заклікаў не прывязвацца да іх, а паставіць на службу чалавецтву.








All the contents on this site are copyrighted ©.