2015-05-26 11:11:00

Кардынал: адмова ад Евангелля – гэта канец Касцёла


Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заклікаў не чакаць ад кастрычніцкай асамблеі Сінода Біскупаў на тэму сям’і нейкіх рэвалюцыйных змен у справе св. Камуніі для разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Кардынал Рабер Сара выразна заявіў, што ніякіх змен у гэтай тэматыцы не можа быць, таму што не можна змяніць Евангелле.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі, адказнай за літургію і сакрамэнты, казаў на гэту тэму падчас дэбатаў пра сям’ю ў Папскім латэранскім універсітэце. Ён прызнаў, што ў людзей, якія слухаюць папу Францішка, магла ўзнікнуць надзея на радыкальныя змены, але яны не магчымыя. Іерарх шкадуе, што некаторыя біскупы і кардыналы сцвярджаюць, што ніхто не павінен быць выключаны з Эўхарыстыі, такім чынам ставячыся да яе як да звычайнай ежы.

“Асноўная праблема тут, - сказаў ватыканскі кардынал - гэта страта веры. Калі мы не ведаем, што прымаем у Эўхарыстыі, можам таксама ўдзяляць св. Камунію тым, хто адмовіўся ад запавету з Хрыстом, але ў гэтым выпадку мы падманваем людзей”. Кардынал Сара нагадаў, што разбурэнне сужэнства з’яўляецца цяжкім грахом і без сапраўднага пакаяння не можна прыступаць да св. Камуніі. Калі гэта робіцца, адбываецца прафанацыя.

Паходзячы з Ганы іерарх адзначыў, што падзел вакол гэтага пытання нараджаецца ў асноўным на Захадзе. У іншых краінах яго не існуе. “У маёй Афрыцы, напрыклад, мы цвёрдыя, таму што мы бачылі місіянераў, якія паміралі за веру”, - сказаў кардынал Сара. Ён спадзяецца, што будучае пасяджэнне Сінода Біскупаў будзе садзейнічаць аднаўленню адзінства католікаў таксама і на Захадзе. Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў падкрэсліў, што ў поўнай меры паважаючы сучасны менталітэт, мы павінны быць у стане ісці супраць плыні, ведаючы, што адмова ад абвяшчэння Евангелля будзе азначаць канец Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.