2015-05-26 10:23:00

Папа бярэ ўдзел у падрыхтоўчай сустрэчы Сінода Біскупаў


Папа Францішак удзельнічае ў пасяджэнні Рады Сакратарыяту Сінода Біскупаў, якое праходзіць 25-26 мая 2015 г. у Ватыкане і звязана з падрыхтоўкай да біскупскай асамблеі, што адбудзецца ў кастрычніку на тэму сям’і і сужэнства. Больш падрабязнай інфармацыі пра змест спаткання не распаўсюджваецца, але варта нагадаць, што працягваецца праца над працоўным дакументам Сінода Біскупаў. Адной з падстаў для яго стане апытальнік, дасланы Сакратарыятам Сінода ва ўсе біскупскія канферэнцыі. Ён змяшчае 46 пытанняў, прадметам якіх з’яўляецца сужэнства, сям’я і сексуальнасць. 

Генеральны Сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Ларэнца Балдзісэры адзначыў у адным з сваіх апошніх інтэрв’ю, што падрыхтоўка да асамблеі знаходзіцца на этапе вывучэння матэрыялаў. У апошнія тыдні ў Ватыкан надыходзілі анкеты ад біскупскіх канферэнцый з адказамі на вышэйузгаданыя пытанні. Свае каментары і заўвагі на адрас асамблеі маглі кіраваць іншыя касцёльныя ўстановы і групы, а таксама асобныя вернікі. Паводле іерарха, размова ідзе пра тое, каб адказы “паходзілі з нізоў”, ад сем’яў ва ўсім свеце, якіх непасрэдна тычыцца тэматыка дыскусій у рамках Сінода.

Выдання “Instrumentum Laboris” варта чакаць у бліжэйшыя тыдні.
 
Між тым, кандыдатуры большасці дэлегатаў нацыянальных Канферэнцый Біскупаў на кастрычніцкі Сінод былі зацверджаны Пантыфікам. 14-ая Чарговая Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце” збярэцца ў Ватыкане 4-25 кастрычніка 2015 г. Трэба нагадаць, што годам раней ужо праходзіла пазачарговая сесія біскупскай асамблеі, якая займалася той жа тэматыкай.








All the contents on this site are copyrighted ©.