2015-05-26 13:16:00

Папа да францішканаў: захоўвайце свой аўтарытэт


26 мая 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў генеральнага капітула Ордэна братоў меншых – францішканаў. У сваім звароце ён адзначыў, што “меншасць” кліча законнікаў быць і адчуваць сябе малымі перад Богам, цалкам давяраючы Яго бясконцай міласэрнасці. Чым “меншым” законнік усведамляе сябе, тым бліжэй знаходзіцца да збаўлення, падкрэсліў Папа. Ён таксама заўважыў, што прызнанне ўласнай “меншасці” прадугледжвае выйсце па-за асабістае ўяўленне свету, уласныя схемы і структуры, звычкі і забеспячэнні, каб даваць канкрэтнае сведчанне блізкасці бедным і адкінутым.

Да евангельскага сведчання таксама належыць братэрства. Папа нагадаў, што яшчэ ў часы ранняга хрысціянства людзей уражвала, наколькі моцна хрысціяне былі паяднанныя ў любові, гатовыя да дару і ўзаемнага прабачэння, моцныя ў міласэрнасці, добразычлівасці, дапамозе, адзінадушныя ў дзяленні радасцямі, пакутамі і жыццёвым досведам.

Францішкане пакліканы быць носьбітамі міласэрнасці, прымірэння і спакою ў “кляштары”, якім для іх павінен быць увесь свет, заўважыў Папа. Ён пажадаў, каб законнікі не губляліся ў дыспутах і пляткарстве, абвяшчалі спакой і жылі ў беднасці. “Калі, аднак, будзеце прывязанымі да дабротаў і багаццяў свету, і на іх пабудуеце сваю бяспеку – менавіта Пан пазбавіць вас духа марнасці, каб захаваць каштоўную спадчыну “меншасці” і беднасці, да якой вас паклікаў праз св. Францішка. Або дабраахвотна вы будзеце беднымі і малымі, або пазбавіцеся ўсяго”, - перасцярог Папа.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец распавёў, што ў Аргентыне святары часам могуць пачуць на вуліцы непрыстойныя словы ў свой адрас, але францішкане – ніколі. “Вы ўнаследавалі аўтарытэт сярод народу Божага дзякуючы сваёй меншасці, братэрству, пакоры, сціпласці, беднасці. Калі ласка, захоўвайце яго”, - заклікаў законнікаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.