2015-05-26 12:56:00

Францішак: немагчыма ісці за Езусам і светам адначасова


Кепска, калі хрысціянін хоча адначасова ісці за Езусам і духам гэтага свету, сказаў папа Францішак 26 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік нагадаў, што вызнаўцы Хрыста пакліканы да радыкальных рашэнняў і не могуць быць вернікамі напалову.

У евангельскім урыўку, які прагучаў падчас літургіі, апостал Пётр пытаўся ў Езуса: якую ўзнагароду будуць мець тыя, хто пакінуў усё і пайшоў за Ім? Хрыстус, адказаў на гэта пытанне не так як чакалі вучні: ён паабяцаў ім не багацці, але Божае Валадарства, якое дасягаецца праз крыж, пакуты і адмаўленне ад самога сябе.

Паводле Францішка, вернікі прывязаныя да дабротаў жадаюць мець і “зямлю і нябёсы” адначасова: вучні Збаўцы думалі пра ўзнагароду; маці Якуба і Яна пыталася аб добрым месцы для сваіх сыноў. Калі іх сэрцы ачысціліся, яны зразумелі, што бескарыслівасць у наследванні Пана – гэта адказ на бескарыслівасць любові і збаўлення, дадзеных Езусам. Калі існуе жаданне ісці за Езусам і светам, за беднасцю і багаццем, матэрыяльным прыбыткам – гэта хрысціянства напалову, у якім прысутнічае дух марнасці, падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што “першыя” пакліканы служыць “апошнім”, як чыніў сам Езус.  Хрысціяне пакліканы наследаваць Езуса, які адмовіўся ад ўсяго, а прывязанасць да зямных дабротаў – гэта антысведчанне, якое аддаляе людзей ад Хрыста, перакананы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.