2015-05-27 11:58:00

Зменіцца метадалогія працы Сіноду Біскупаў


Дэталёвы аналіз праекта “Instrumentum Laboris” і прапаноў па зменах метадалогіі працы кастрычніцкай біскупскай асамблеі быў прадметам абмеркаванняў Рады Сакратарыяту Сінода Біскупаў 25 і 26 мая 2015 г. у Ватыкане. У спатканні прыняў удзел папа Францішак, чыя прысутнасць, як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Сакратарыяту, сведчыць аб вялікім значэнні, што надае Пантыфік працэсу падрыхтоўкі да Сінода. XIV Звычайная Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў пройдзе 4-25 кастрычніка 2015 г., а яе тэмай будзе “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.

Як паведамляецца, праект “Instrumentum Laboris” быў падрыхтаваны на аснове справаздачы надзвычайнай сесіі Сінода, якая прайшла ў кастрычніку 2014 г. у Ватыкане, а таксама на падставе адказаў на пытанні, заключаныя ў падрыхтоўчым дакуменце (Lineamenta), якія прыйшлі ў Генеральны сакратарыят ад асобных біскупскіх канферэнцый, іншых касцёльных структур і асобных вернікаў. На гэтай аснове была распрацавана прапанова тэксту “Instrumentum Laboris”, які выйдзе ў рэдакцыі Генеральнага сакратарыяту і будзе перакладзены на некаторыя мовы. Яго публікацыя адбудзецца праз некалькі тыдняў.

Таксама падчас ватыканскага пасяджэння Генеральны сакратарыят прадставіў прапановы па ўдасканаленні метадалогіі працы XIV Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.