2015-05-27 12:45:00

Кардынал Дзяржсакратар пра “кітайскае пытанне”


“Пытанне аб свабодзе і правах кітайскіх католікаў у некаторым сэнсе палохае мяне. Мяне вельмі засмучаюць пакуты шматлікіх людзей”, - сказаў у інтэрв’ю газеце “Avvenire” Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы. Кардынал Пьетра Паралін растлумачыў своеасаблівае маўчанне ватыканскай дыпламатыі адносна ўзмацнення ў апошнія гады рэпрэсій з боку кітайскіх уладаў у адносінах да хрысціянаў краіны.

Гэта звязана з асаблівай роляй дыпламатыі. Не можна чакаць ад яе таго, што не належыць да яе задач. Яна мае свой уласны стыль, і мы прымаем яго, таму што яна служыць місіі Касцёла і распаўсюджвання Божага Валадарства, сказаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Дадзены факт не азначае, аднак, што гэта адзіны шлях, што не варта ўздымаць свой голас. Задача Дзяржаўнага сакратарыяту, аднак, застаецца іншай. “Не мы адны ўвасабляем місію Касцёла”, - падкрэсліў кардынал Паралін.

Іерарх таксама адзначыў, што адносіны з краінамі Далёкага Усходу ніколі не былі лёгкімі. На працягу стагоддзяў прымаліся сур’ёзных намаганні, якія не прынеслі істотных вынікаў. На думку кардынала Параліна, тут патрэбна цярплівасць і вера ў Бога, а таксама надзея, што і ў гэтым рэгіёне Яго час прыйдзе.

Сі Цзіньпін – кіраўнік Камуністычнай партыі і Прэзідэнта Кітая – сказаў на мінулым тыдні, што ўсе рэлігіі і канфесіі ў Кітаі павінны быць незалежныя ад замежнага ўплыву, паведаміла інфармацыйнае агенцтва “Аssocieted Рress”. “Мы павінны кіраваць рэлігійнымі справамі ў адпаведнасці з законам і прытрымлівацца прынцыпу незалежнасці ў кіраўніцтве рэлігійнымі групамі і прывядзенні іх да згоды”, - сказаў палітык. Ён падзяліўся планамі “уключыць рэлігіі ў сацыялістычнае грамадства”.

Падчас мінулай агульнай удыенцыі папа Францішак заклікаў маліцца за кітайскіх католікаў. Нагодай стаў Дзень малітвы за Касцёл у Кітаі, які адзначаўся 24 мая. Ён заклікаў іх “жыць духоўна паяднанымі са скалой Пятра, на якой пабудаваны Касцёл”.








All the contents on this site are copyrighted ©.