2015-05-27 14:28:00

У Ватыкане ўручылі “сацыяльную прэмію”


Юрыдычнае прызнанне партнёрскіх саюзаў паміж асобамі аднаго полу ў Ірландыі азначае паразу не толькі для хрысціянскіх прынцыпаў, але і для чалавецтва. Такім чынам кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін пракаментаваў на міжнароднай канферэнцыі ў Ватыкане вынікі рэферэндуму на Зялёным Востраве 24 мая 2015 г., які легалізаваў заключэнне гомасексуальных саюзаў.

Кардынал Паралін меў прамову падчас уручэння ўзнагарод “Эканоміка і грамадства”, устаноўленых Фондам “Centesimus Annus - Pro Pontifice”, для нувукоўцаў, якія папулярызуюць сацыяльнае навучэанне Касцёла.

Іерарх нагадаў, што Касцёл заўсёды абараняў сям’ю на аснове адносін двух людзей розных полаў, таму, - як прызнаўся, зыход рэферэндуму ў Ірландыі выклікаў у ім “вялікі смутак”. Ён зацытаваў арцыбіскупа Дубліна, Дзіармуіда Марціна, які лічыць, што Касцёл павінен лічыцца з гэтай рэальнасцю, але не забывацца пра свой абавязак евангелізаваць еўрапейскую культуру. Менавіта ў гэтым кантэксце Дзяржсакратар адзначыў, што вынікі галасавання ў Ірландыі з’яўляюцца паразай не толькі для хрысціянскіх прынцыпаў, але збольшага таксама і для ўсяго чалавецтва.

Кардынал спаслаўся таксама на некаторыя актуальныя міжнародныя праблемы. Гаворачы пра напружанасць у адносінах з Францыяй, выкліканай прызначэннем паслом пры Святым Пасадзе гомасексуаліста, іерарх растлумачыў, што падаўжэнне гэтай сітуацыі можа прывесці “да пэўнай дэстабілізацыі”. “Таму мы хочам як мага хутчэй дасягнуць пагаднення і вырашыць гэта пытанне”, - сказаў ён.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што цяперашні крызіс мае не толькі эканамічнае і фінансавае вымярэнне, але і антрапалагічнае. На самой справе, узнікла абагаўленне грошай, без нейкіх каранёў і сапраўдных чалавечых мэтаў, што ўдарыла ў саму эканоміку і абмежавала асобу да спажывання і марнатраўства, падкрэсліў кардынал Паралін.

Узнагарода “Эканоміка і грамадства” была прысуджана сёлета французскаму эканамісту, банкіру і гісторыку Пьеру дэ Лазэну за кнігу “Фінансы. Хрысціянскі пункт гледжання. Ад сярэдневечных банкаў да фінансавай глабалізацыі” (Finance. Un regard chrétien. De la banque médiévale à la mondalisation financière).

Спецыяльнымі прэміямі ватыканскага фонда былі адзначаны таксама два маладых навукоўцы: Аляксандр Штумфоль з Германіі, за даследванне, прысвечанае ўплыву сацыяльнага навучання Касцёла на міжнародныя адносіны, і Артура Бэлак Мантаньё з Уругвая, за працу аб навуковай прыродзе сацыяльнай дактрыны. 

Фонд “Centessimus Annus – Pro Pontifice” быў заснаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. з мэтай садзейнічання пашырэнню ведаў аб сацыяльным навучанні Касцёла і яго рэалізацыі ў палітычнай і эканамічнай сферах.








All the contents on this site are copyrighted ©.