2015-05-28 16:11:00

Кім былі тры евангельскія мудрацы?


Звяртаючыся да вернікаў ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана 6 студзеня 2014 г., папа Францішак, канешне, нагадаў пра трох мудрацоў з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Хрысту. Між іншым, ён падкрэсліў, што пра іх выдатна апавёў Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе “Дзяцінства Езуса”. Папа на пенсіі – вялікі тэолаг і інтэлектуал нашага часу – напісаў яе на падставе доўгіх даследванняў і асабістых разважанняў, пакінуўшы вернікам каштоўнейшы скарб мудрасці і ведаў. У нашай сённяшняй праграме мы звернемся да гэтай кнігі, каб адказаць на пытанне: кім былі тры евангельскія “мудрацы” або “каралі з Усходу”.

Апавядаючы пра іх на старонках Евангелля, св. Мацвей выкарыстоўвае слова “μάγοι” (màgoi), якое перакладаюць па рознаму: мудрацы, вешчуны, нават чарадзеі. Бэнэдыкт XVI падкрэсліваў, што значэнне гэтага грэцкага слова настолькі шырокае, што можа насіць як пазітыўнае значэнне, так і глыбока негатыўнае.

Тэрмінам “μάγοι” называлі членаў персідскай святарскай касты, якія ў эліністычнай культуры лічыліся прадстаўнікамі “сапраўднай рэлігіі”. Іх рэлігійныя погляды былі блізка звязаны з філасофіяй, таму многія грэцкія філосафы прадстаўляліся іх паслядоўнікамі. Напрыклад, пра філасофскія працы такіх “мудрацоў” казаў Арыстоцель.

Словам “μάγοι” называлі таксама чарадзеяў, якія валодалі звышнатуральнымі ведамі і здольнасцямі. Яно ўжывалася ў адносінах да ілжэпрарокаў і спакушальнікаў. Напрыклад, у Дзеях Апосталаў гэтым тэрмінам называецца  чарадзей па імені Бар-Езус, пра якога апостал Павел сказаў: “сын д’ябла, поўны ўсякага подступу і зладзейства, вораг усякай праўды”.

Паводле Бэнэдыкта XVI, такое шырокае значэнне слова, якім св. Мацвей акрэслівае мудрацоў з Усходу, кажа пра даволі шырокае разуменне рэлігіі ў тую эпоху. З аднаго боку рэлігійнасць магла быць шляхам да сапраўдных ведаў, шляхам да Езуса Хрыста. А з іншага, калі не адкрывалася на Яго і нават выступала супраць Адзінага Бога, магла стаць шатанскай і дэструктыўнай. 

У Новым Запавеце мы сустракаем “мудрацоў” абодвух тыпаў: у апавяданні св. Мацвея рэлігійная і філасофская мудрасць з’яўляецца сілай, якая ставіць людзей на шлях, што вядзе да Хрыста. У Дзеях Апосталаў, аднак, мы знаходзім і іншы кшталт мудрацоў, якіх правільней называць чарадзеямі. Яны супрацьпастаўлялі ўласную моц пасланню Езуса Хрыста, і такім чынам станавіліся на бок сатаны.

Для мудрацоў з Евангелля, паводле св. Мацвея, відавочна падыходзіць – прынамсі ў агульным сэнсе – першае з пералічаных вышэй значэнняў. Нават калі яны не прыналежалі дакладна да персідскага святарства і былі толькі носьбітамі рэлігійных і філасофскіх ведаў, якія развіваліся і існавалі ў гэтых асяроддзях.

Аўстрыйскі астраном Ферары Д’Акіепа даказаў, што ў Вавілоне – некалі цэнтры астраноміі, які ў эпоху Езуса знаходзіўся ў стадыі заняпаду – яшчэ працягвала існаваць маленькая група астраномаў. Пакінутыя імі тэракотавыя сталы, пакрытыя клінапіснымі пісьмёнамі з астанамічнымі разлікамі, з’яўляюцца надзейным доказам гэтага, лічыць аўстрыйскі навуковец. Паводле Д’Акіепы, астраномамі быў вылічаны момант злучэння Юпітэра і Сатурна ў задыякальным знаку Рыбы. Гэты касмічны феномен павінен быў мець месца ў 7-6 г. да н.э. – часе, які сёння лічыцца найбольш верагоднай датай нараджэння Хрыста. 

Цікава адзначыць, што Юпітэр атаясамліваўся з галоўным вавілонскім бажком Мардукам, а Сатурн – быў касмічным сімвалам юдэйскага народа. 

Такім чынам, цалкам магчыма, што тры мудрацы былі астраномамі. Але, Бэнэдыкт XVI заўважыў, што не ўсім, хто быў здольны пралічыць злучэнне планет і ўбачыць гэта, магла прыйсці думка пра нараджэнне караля Юдэйскага і не для ўсіх гэта мела вялікае значэнне. Каб зорка, якая ўзнікла у выніку злучэння, магла стаць для іх пасланнем, павіна было існаваць прадказанне. І яно існавала. З твораў многіх летапісцаў, ад Таціта да Святонія, вядома што ў тую эпоху часта казалася пра пачатак панавання Юдэі. Напэўна, гэта дапамагло тром мудрацам зразумець, што ў Юдэі народзіцца боскі Валадар.

Паводле Бэнэдыкта XVI, адправіцца ў далёкае падарожжа маглі людзі, якія мелі глыбокую ўтутраную няўрымслівасць, людзі надзеі, якія шукалі сапраўднай зоркі збаўлення. Таму, напэўна, асобы, пра якіх кажа св. Мацвей, не былі проста астраномамі – яны былі сапраўднымі мудрацамі, якія мелі дынаміку, уласцівую рэлігіі – дынаміку зыходу з саміх сабе ў пошуку праўды і сапраўднага Бога. Іх мудрасць не заканчвалася на ведах, але імкнулася далей. Іх розум вырушыў да сваіх самых высокіх гарызонтаў. Тры мудрацы з’яўляюцца пэўнага кшталту папярэднікамі, прадвеснікамі шукаючых праўды ў кожную эпоху, лічыць Бэнэдыкт XVI.

Традыцыя Касцёла заўсёды чытала апавяданне пра Божае Нараджэнне ў святле фрагменту з кнігі прарока Ісаі: “Вол ведае валадара свайго, а асёл – яслі гаспадара свайго” (Іс 1,3). Такім чынам, у традыцыйныя святочныя яслі патрапілі вол і асёл. У сваю чаргу апавяданне пра прыход трох мудрацоў звязвалася з 10-м радком 71-га псальма (“каралі Тартэса і астравоў прынясуць яму даніну; каралі Аравіі і Савы прынясуць дары”) і 60-й главой кнігі прарока Ісаі, дзе гаворка ідзе пра народы, якія паклоняцца Месіі. Такім чынам, мудрацы якія прыбылі з Усходу, сталі называцца таксама каралямі. 

Традыцыя прадставіла іх у якасці каралёў трох кантынентаў: Афрыкі, Азіі і Еўропы. Гэта ўказвае на тое, што для Валадарства Езуса Хрыста не мае розніцы ні раса, ні паходжанне. Таксама з трыма мудрацамі звязваюць тры ўзросты: маладосць, сталасць і старасць. Гэта сведчыць аб тым, што розныя этапы чалавечага жыцця маюць сваё асаблівае значэнне і ўнутранае адзінства ў еднасці з Езусам.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што мудрацы з Усходу – сімвалізуюць шлях чалавецтва да Хрыста, яны, нібыта, узначальваюць працэсію, што адбываецца цягам ўсёй гісторыі. Яны прадстаўляюць не толькі людзей, якія знайшлі дарогу да Хрыста, але ўнутранае чаканне чалавечай душы, рух рэлігій і чалавечага розуму да Хрыста. 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.