2015-05-28 11:49:00

Папа: скрайне строгія хрысціяне аддаляюць людзей ад Бога


Існуюць хрысціяне, якія аддаляюць людзей ад Езуса. Звычайна гэта асобы, зацікаўленыя выключна ўласнымі адносінамі з Богам і дасягненнем прыватных мэтаў. На шчасце, у Касцёле ёсць і тыя, хто па-сапраўднаму прыслухоўваецца да воклічу людзей, патрабуючых Бога, заўважыў папа Францішак 28 мая 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. 

У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над евангельскім апавяданнем пра аздараўленне Езусам сляпога жабрака Бартымея. Калі Хрыстус выходзіў з Ерыхона, сляпец пачаў крычаць і прасіць аб міласэрнасці, а вучні спрабавалі прымусіць яго замоўкнуць, нагадаў біблійную гісторыю Папа. Спасылаючыся  на яе, Святы Айцец вылучыў тры катэгорыі вернікаў.

Першая – гэта асобы заклапочаныя толькі ўласнымі, “закрытымі і эгаістычнымі”, адносінамі з Богам. Яны не чуюць крыку людзей, застаюцца абыякавымі, задаволенымі знаходжаннем у сваёй маленькай групцы; яны не звяртаюць увагу на людзей, якія патрабуюць збаўлення. “Гэта эгаістычныя асобы, што жывуць самі для сябе. Яны няздольныя пачуць голас Езуса”, - падкрэсліў Папа.

Іншая група – гэта тыя, якія чуюць крык аб дапамозе, але жадаюць прымусіць яго сціхнуць. Сярод іх ёсць “дзяльцы” – асобы, якія толькі называюцца хрысціянамі, але ў душы марныя. Яны прабываюць побач з Езусам, але выкарыстоўваюць народ Божы і Касцёл дзеля ўласных мэтаў. Некаторыя з іх вельмі строгія: яны ўскладаюць на плечы вернікаў непасільныя цяжары, замест таго, каб падтрымаць.

Трэцяя катэгорыя хрысціян, на якую звярнуў увагу Папа – гэта, тыя, хто дапамагае наблізіцца да Хрыста. У іх прысутнічае адпаведнасць паміж верай і жыццём. 

Францішак заклікаў кожнага зрабіць рахунак сумлення і запытаць сябе, да якой групы належыць. 








All the contents on this site are copyrighted ©.