2015-06-19 14:49:00

Пантыфік спаткаўся з удзельнікамі Спецыяльнай Алімпіяды


Папа сустрэўся 19 чэрвеня 2015 г. у Ватыкане з удзельнікамі Сусветнай Спецыяльнай Алімпіяды, якія будуць прадстаўляць на ёй Італію. Гульні пройдуць з 25 ліпеня 2015 г. у Лос-Анджэлесе. Францішак адзначыў, што свет спорту, як правіла, глядзіць на Касцёл з даверам і ўвагай, таму што менавіта тут знаходзіць супрацоўніцтва, адкрывае сваё сапраўднае значэнне, культурную і сацыяльную годнасць. Цудоўна, што Спецыяльныя Алімпійскія Гульні дапамагаюць падлеткам і дарослым знайсці стымул адчуваць паўнату жыцця, лічыць Францішак. 

Ён заклікаў спартсменаў і трэнераў дапамагаць адзін аднаму ў адкрыцці чалавечага патэнцыялу і любові да жыцця, якое трэба цаніць з усімі яго абмежаваннямі. Пры гэтым ніколі не варта забывацца пра прыгажосць жыцця і спорту. Усё гэта дапаможа стаць актыўнымі членамі грамадства і Касцёла, пераадолець усе формы дыскрымінацыі і адчужэння.

Папа запрасіў прысутных на аўдыенцыі застацца вернымі ідэалу спорту, не “заразіцца” ілжывай спартыўнай культурай, у падставе якой ляжыць эканамічны поспех, перамога любой цаной, індывідуалізм. Трэба захаваць і абараніць спорт як досвед чалавечых каштоўнасцяў, суперніцтва ў справядлівасці і салідарнасці.

Францішак пажадаў спартсменам паспяховых Гульняў і задавальнення ад сяброўства з братамі і сёстрамі з усяго свету.

Сусветная Спецыяльная Алімпіяда (Special Olympics World Games) – гэта спартыўнае мерапрыемства, якое арганізуецца для асоб з разумовымі адхіленнямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.