2015-06-19 12:46:00

Сусветныя лідэры дзякуюць Пантыфіку за энцыкліку


“Я з радасцю вітаю энцыкліку Яго Святасці папы Францішка і глыбока захапляюся рашэннем Папы падтрымаць – выразна, цвёрда, з усім маральным аўтарытэтам яго пазіцыі – дзеянні, звязаныя з глабальнымі зменамі клімату”, - напісаў прэзідэнт ЗША Барак Абама. Ён пагадзіўся з Пантыфікам, што “мы нясём поўную адказнасць за абарону нашых дзяцей і дзяцей нашых дзяцей у абліччы разбуральных наступстваў кліматычных змен”.
 
“Перакананы, што Злучаныя Штаты павінны лідзіраваць у гэтых намаганнях, таму я ўключаюся ў прыняцце рашучых мер у краіне і за мяжой для таго, каб паменшыць выкіды вуглякіслага газу, павялічыць аб’ёмы чыстай энергіі і энергетычную эфектыўнасць, абараніць самыя бедныя супольнасці і падтрымаць адказнае кіраванне нашымі прыроднымі рэсурсамі. Мы павінны таксама абараніць бедныя краіны свету, якія менш за ўсё прычыніліся да надыходзячага крызісу, а страцяць найбольш, калі мы не зможам яго прадухіліць”, - напісаў Абама.

Ён прызнаўся, што мае намер размаўляць аб гэтым з Папам, калі той у верасні наведае Белы дом у рамках свайго падарожжа ў ЗША. “І паколькі мы рыхтуемся да глабальных перамоў па клімаце ў Парыжы ў снежні бягучага года, я спадзяюся, што ўсе сусветныя лідэры – і ўсе дзеці Божыя – задумаюцца над заклікам папы Францішка да аб’яднання дзеля нашага супольнага дома”, - падкрэсліў Прэзідэнт Злучаных Штатаў.

Таксама Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун высока ацаніў энцыкліку „Laudato si’”. Ён заклікаў кіраўнікоў дзяржаў “паставіць глабальнае агульнае дабро вышэй за нацыянальныя інтарэсы” і прыйсці да “усеагульнага пагаднення” на сёлетнім кліматычным саміце ў Парыжы. 

Генеральны сакратар ААН таксама прызнаў, што ён не можа дачакацца сустрэчы з Папам падчас яго візіту ў штаб-кватэру ААН у верасні 2015 г. падчас адкрыцця 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі арганізацыі.

У гутарцы з журналістамі ў Нью-Ёрку Пан Гі Мун заявіў, што ён згодны з Францішкам у тым, што кліматычныя змены з’яўляюцца пытаннем маральным, якое патрабуе тэрміновых сумесных дзеянняў. Гэта таксама пытанне сацыяльнай справядлівасці, правоў чалавека і фундаментальных этычных прынцыпаў – заўважыў карэйскі палітык. Ён заклікаў міжнародную супольнасць зрабіць нашмат больш, чым дагэтуль, каб дапамагчы бедным і найбольш уразлівым членам грамадства, якія пакутуюць ад наступстваў змены клімату.

Пан Гі Мун падзякаваў Францішку за заняцце такой “моцнай пазіцыі” у пытанні неабходнасці тэрміновых глабальных дзеянняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.