“З боку Каталіцкага Касцёла я прашу вас аб прабачэнні за адносіны і паводзіны нехрысціянскія, і нават нялюдскія, якія мы мелі адносна вас у гісторыі. У імя Пана Езуса Хрыста, прабачце нас!”, - сказаў папа Францішак у Турыне 22 чэрвеня 2015 г. падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Царквы Вальдэнсаў, найстарэйшай рэфармацкай супольнасці ў свеце. Упершыню ў гісторыі Пантыфік пераступіў парог храма вальдэнсаў.
Святы Айцец адзначыў, што адным з асноўных пладоў экуменічнага руху ў апошнія гады з’яўляецца “адкрыццё братэрства, якое злучае ўсіх, хто верыць у Езуса Хрыста і былі ахрышчаны ў Яго імя”. Гэта камуніія, якая яшчэ знаходзіцца на стадыі фарміравання праз малітву, пастаяннае асабістае і супольнае навяртанне, а таксама працу тэолагаў, можа ператварыцца ў поўную і бачную камунію ў праўдзе і любові, звярнуў увагу Францішак і дадаў, што адзінства не азначае аднастайнасці.
“Разважаючы пра гісторыю нашых адносін, мы можам толькі смуткаваць перад абліччам
канфліктаў і насілля, учыненых у імя сваёй веры. І я прашу Пана даць нам ласку прызнаць
сябе грэшнікамі і ўмець дараваць адзін аднаму”, - сказаў Папа, просячы прабачэння
за “нехрысціянскія” адносіны католікаў да вальдэнсаў.
Гэта супольнасць пачала сваю дзейнасць у ХІІ ст. ідучы за сваім заснавальнікам Пятром
Вальда, багатым чалавекам, які раздаў усю сваю маёмасць бедным, крытыкуючы вышэйшае
духавенства за раскошу. Вальдэнсы не прызнавалі аўтарытэт Пантыфіка і патрабавалі
рэформаў у Касцёле. У 1184 г. папа Луцый III наклаў на іх экскамуніку. Вальдэнсаў
пераследавалі і прысуджалі да інквізіцыі. Сёння большасць з іх жыве ў альпійскіх далінах
П’емонта, на тэрыторыі Ламбардыі і Венецыі. Царква Вальдэнсаў з’яўляецца другой па
ліку пратэстанцкай супольнасцю ў Італіі з 30 тыс. вернікаў.
All the contents on this site are copyrighted ©. |