2015-06-28 12:38:00

Іракскі Патрыярх прапануе хрысціянам аб’яднацца


Халдэйска-каталіцкі Патрыярх Луіс Рафаэль Сака звярнуўся з драматычным заклікам да адзінства хрысціян у Іраку, якія церпяць пераслед ад ісламістаў. Патрыярх прапанаваў, каб тры старажытных Царквы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Ірака, аб’ядналіся ў адзіны Патрыярхат. Кіраўнік Халдэйска-каталіцкай Царквы прапануе, каб ён быў падпарадкаваны Папе.

Гаворка ідзе пра аб’яднанне Халдэйска-каталіцкай Царквы з нестарыянскімі Асірыйскай Царквой Усходу і Старажытнай Царквой Усходу. Гэтыя дзве Цэрквы ў цяперашні час не знаходзяцца ў зносінах з Рымам. Але ў 1994 г. Патрыярх Мар Дзінха IV, кіраўнік Асірыйскай Царквы Усходу, і папа Ян Павел II зрабілі сумесную заяву, пацвердзіўшы, што іх Цэрквы вызнаюць агульную веру. Праз два гады Асірыйская Царква Усходу і Халдэйска-каталіцкі Патрыярхат стварылі камісію, каб даследаваць перспектыву аб’яднання.

Старажытная Царква Усходу – адгалінаванне Асірыйскай Царквы, якое паўстала ў 1964 г.

Асірыйская Царква Усходу ў цяперашні час не мае Прадстаяцеля. Пасля смерці Мара Дзінхі IV у сакавіку 2015 г. іракскія біскупы вырашылі адкласці выбары новага Патрыярха да верасня па прычыне нестабільнасці ў краіне. 

Патрыярх Луіс Рафаэль Сака заявіў, што ён гатовы пакінуць сваю пасаду, каб вызваліць дарогу для новага лідэра, які быў бы прызнаны ўсімі трыма іракскімі хрысціянскімі Цэрквамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.