2015-06-30 10:41:00

Пілігрымы па дарозе ў Будслаў


Дванаццаты дзень крочыць да Будслава самая трывалая пешая пілігрымка – з Пінскай дыяцэзіі. Сёлета пілігрымы пайшлі не з Баранавічаў, як звычайна, а ажно з Брэсту – 16 дзён у дарозе, 537 кіламетраў шляху. З Брэсту выходзіла каля 50 чалавек, але за гэтыя дні да пілігрымкі далучаліся вернікі на працягу ўсяго маршрута, і пасля Івянца да Маці Божай Будслаўскай крочаць ужо больш за 250 чалавек.

У асноўным гэта маладыя людзі, але ёсць сярод іх і 56-гадовы жыхар Белаазёрска Чэслаў Гардзіеўскі. Ён ужо атрымаў тытул “ганаровага пілігрыма”, бо цяперашняя пілігрымка стала для яго 20-й – юбілейнай, бо акрамя Будслава пан Чэслаў, як яго з павагай называюць іншыя пілігрымы, штогод адпраўляецца і да Маці Божай Лагішынскай. У пілігрымкі вернік ходзіць ужо 11 гадоў, і цяпер ідзе нараўне з моладдзю ажно з Брэсту, нягледзячы на свой ўзрост. У дарогу “ганаровага пілігрыма” кліча глыбокая вера, прызнаўся ён у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

“У мяне былі веруючыя бацькі, з дзяцінства я пры касцёле. У пілігрымкі мяне цягне вера ў Бога. З моладдзю мне не сумна, яна наадварот мне дае зарад, узгадваю і свае маладыя гады. Але ў маім юнацтве такога не было. Нас наадварот праганяла з касцёлу міліцыя, выпісвала бацькам немалы штраф. Мне даводзілася хавацца ў арган, калі ў касцёл заходзіла міліцыя ці настаўнікі”, - узгадвае 56-гадовы вернік.

Ёсць сярод вопытных пілігрымаў і маладыя людзі. Напрыклад, Ірына Губская ходзіць у пілігрымкі ўжо 15 гадоў. За гэты час дзяўчына была ўдзельніцай многіх пілігрымак, але цяперашняя – Брэст-Будслаў – стала для яе асаблівай:
“Ужо праз першых сто кіламетраў я зразумела, што справа не ў адлегласці. Першыя дні былі стома і боль, але на чацвёрты дзень, калі заканчвалася большасць пілігрымак, у якіх я была раней, пачалося самае цікавае. Гэта радасць ад сустрэчы, больш шчырыя знаёмствы, мы адчулі, што мы сапраўды сям’я. Тады, калі мы мералі 50 кіламетраў за дзень і беглі па дарозе, было шмат уражанняў, але справа яшчэ і ў больш глыбокай малітве. Бо пакуль баліць, моцна маліцца цяжка, а калі гэта адыходзіць на другі план, прыходзіць больш глыбокая грунтоўная малітва. І столькі любові, колькі я адчула за гэтыя дні, я не адчувала ніколі. Для мяне гэта ёсць найвялікшым уражаннем”, - адзначыла дзяўчына.

Кіруе пілігрымкай малады кс. Павел Рудзьман. Ён нагадаў, што сёлетняя пілігрымка прымеркавана да 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі, каб такім чынам паказаць, што дыяцэзія жывая: ёсць маладыя людзі, што імкнуцца да Бога, бароняць сваю веру. Пілігрымка – своеасаблівая малітва аб новых пакліканнях, умацаванні веры.

“Для мяне асабіста гэта момант адзінства з Богам. 16 дзён па-за камфортам, быцця разам з людзьмі, пазнання маладых людзей, з якімі мы працуем увесь год, іх мараў і мэтаў. Таму для нас гэта добры досвед у душпастырскай працы з моладдзю. Бо ў такія моманты, калі чалавек пераадольвае шлях больш за 40 кіламетраў у дзень, ён адкрываецца ў цяжкасцях, паказвае, кім ён ёсць насамрэч. Праз 16 дзён група становіцца своеасаблівай сям’ёю, якая пазней жыве ў адзінстве. Пілігрымка – гэта таксама момант, калі чалавек ламае ў сабе пэўныя крытэрыі – і нас, святароў, дарога таксама “ламае”. Бо перадусім глядзіш на людзей”, - гаворыць ксёндз.

Многія іншыя пілігрымкі таксама ўжо вырушылі ў шлях – нядаўна стартавалі вернікі з Ліды, Маладэчна, Гудагая, Віцебска, Браслава, Мінска. А ўсяго сёлета арганізавана амаль 20 пілігрымак да Будслава, дзе ўрачыстасці ў гонар Маці Божай адбудуцца 3-4 ліпеня.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.