2015-07-01 15:41:00

Мітрапаліт Іларыён пра сустрэчу Папы з Патрыярхам


 

У інтэрв’ю італьянскай газеце „Corriere della Sera” Мітрапаліт Іларыён, кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, сказаў, што разглядаецца магчымасць сустрэчы Патрыярха з Папам. “У планах няма візіту Францішка ў Маскве. У той жа час, разглядаецца магчымасць іх спаткання на нейтральнай тэрыторыі, напрыклад, у Аўстрыі ці Венгрыі”, - сказаў праваслаўны іерарх.

Ён не захацеў назваць ніякіх дат правядзення такога спаткання, аднак выказаў надзею, што сустрэнуцца цяперашні Папа і цяперашні Патрыярх Маскоўскі. Ён прызнаўся, што такая сустрэча планавалася ўжо ў 1997 г. паміж Янам Паўлам II і Аляксеем ІІ, але тады планы не былі рэалізаваны.

Акрамя таго, ён дыстанцаваўся ад заяў Уладзіміра Пуціна, які пасля нядаўняга візіту ў Ватыкан сказаў, што, на яго думку, сустрэча паміж Папам і Патрыярхам павінна адбыцца ў найбліжэйшай будучыні. “Трэба адрозніваць, што існуюць Руская Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл. Існуюць таксама Расійская Федэрацыя і Ватыкан. Пуцін мае свае планы, а Патрыярх свае”, - сказаў Мітрапаліт.

Ён таксама выказаў сумневы з нагоды падтрыманай папам Францішкам прапановы Патрыярха Копцкай Царквы Тавадраса ІІ, каб усе хрысціяне святкавалі Вялікдзень у той жа дзень.








All the contents on this site are copyrighted ©.