2015-07-01 14:41:00

Святога Айца непакоіць сітуацыя ў Грэцыі


Навіны з Грэцыі, звязаныя з эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй, выклікаюць заклапочанасць Святога Айца, заявіў 1 ліпеня 2015 г. кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Папа Францішак жадае выказаць сваю блізкасць усім грэкам, асаблівым чынам шматлікім сем’ям, якіх “моцна закрануў гуманітарны і сацыяльны крызіс, складаны і балючы”.

“Годнасць чалавечай асобы павінна займаць цэнтральнае месца ў кожных палітычных і тэхнічных дэбатах, а таксама ў прыняцці адказных рашэнняў”, - нагадаў Пантыфік. Ён заклікаў усіх вернікаў прыняць удзел у малітве на карысць “улюбёнага грэчаскага народа”.

Грэцыя знаходзіцца на парозе дэфолту. Агульная сума доўгу краіны складае больш за 300 млрд еўра. Значная частка, 184 млрд еўра, належыць Еўрапейскаму фонду фінансавай стабільнасці і ўрадам краін еўразоны, у тым ліку Германіі, Францыі, Эстоніі, Славакіі. Грэцыя тым часам рыхтуецца правесці рэферэндум 5 ліпеня, на якім грамадзяне павінны будуць прагаласаваць, прымаць ці не ўмовы крэдытораў.








All the contents on this site are copyrighted ©.