2015-07-01 14:10:00

Святы Пасад падзякаваў маракам за выратаванне мігрантаў


12 ліпеня 2015 г. будзе адзначацца так званая “Марская нядзеля”. З гэтай нагоды кардынал Антоніа Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў, скіраваў адмысловае пасланне, у якім сцвярджае, што гэты дзень з’яўляецца адмысловай нагодай звярнуць увагу хрысціянскіх супольнасцяў і грамадства на неабходнасць і важнасць працы на моры. Ён нагадаў, што сёння ў свеце налічваецца 1,2 млн. маракоў. Вельмі часта мы звяртаем увагу на важнасць марскіх прафесій толькі ў выпадку нейкіх стыхійных бедстваў, заўважыў іерарх.

Кардынал падкрэсліў, што, нягледзячы на тэхналагічнае развіццё і ўсё большыя зручнасці ў зносінах са сваімі блізкімі, маракі вымушаны праводзіць доўгія месяцы па-за домам, удалечыні ад сваіх сем’яў. Ён узгадаў несправядлівыя правілы працы, якія часта абмяжоўваюць адпачынак на беразе, пастаянную пагрозу пірацтва і заклікаў усе краіны прыняць і рэалізаваць Канвенцыю Марской Працы.

Іерарх нагадаў, што ў сувязі з нестабільнай сітуацыяй у некаторых краінах, суднаходства сустрэлася з новая з’явай. Пачынаючы з мінулага года, разам з памежнымі і ваенна-марскімі сіламі Італіі, Мальты і Еўрапейскага саюза, гандлёвыя суды, якія праходзілі праз Міжземнае мора, былі актыўна ўцягнуты ў выратавальныя акцыі, штодзённа дапамагаючы тысячам і тысячам мігрантаў, хоць большасць з іх не была абсталявана для аказання дапамогі вялікай колькасці людзей. Праз “Марскую нядзелю” Каталіцкі Касцёл жадае выказаць сваю ўдзячнасць маракам за тое, што яны без ваганняў, часам рызыкуючы ўласным жыццём, спяшылі на дапамогу мігрантам, адзначыў старшыня Папскай рады. Ён таксама падзякаваў святарам і валанцёрам, занятым у апостальстве мора за іх паўсядзённую дапамогу і служэння людзям мора. 

У заключэнне свайго паслання кардынал Вэльё звярнуўся да кіраўніцтва еўрапейскіх краін, краін паходжання мігрантаў і міжнародных арганізацый, наладзіць супрацоўніцтва ў пошуку трывалага і пэўнага палітычнага рашэння нестабільнай сітуацыі ў блізкаўсходніх краінах. Іерарх лічыць, што трэба задзейнічаць больш рэсурсаў для пошукавых і выратавальных аперацый, але таксама і для прадухілення гандлю людзьмі і іх эксплуатацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.