2015-07-02 15:19:00

Вялікія чаканні ад візіту Францішка ў Лацінскай Амерыцы


Папа Францішак выклікае “вялікія чаканні і надзеі” у Лацінскай Амерыцы, таксама па-за межамі Каталіцкага Касцёла, сказаў прафесар Гусман Каррыкіры Лекур, віцэ-старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, які паходзіць з Уругваю і ўжо 40 гадоў працуе ў Рымскай курыі. Ён будзе суправаджаць Пантыфіка на яго шляху ў Эквадор, Балівію і Парагвай 5-12 ліпеня 2015 г.

Каррыкіры лічыць, што Папа выклікае ў жыхароў кантынента сардэчнасць, якая можа здацца павярхоўнай, але гэта не так. Францішак “ініцыяваў глыбокі перагляд жыцця Касцёла ў Лацінскай Амерыцы”, заклікаючы не толькі да “душпастырскага навяртання біскупаў і святароў”, але і “асабістага навяртання кожнага ахрышчанага”. Прафесар падкрэсліў, што на працягу двух гадоў пантыфікату Францішка больш іспанамоўных католікаў пачало прыходзіць у касцёл і спавядацца, усё больш людзей ідуць у пілігрымкі да санктуарыяў.

Ён заўважыў, што паездка Папы ў Эквадор, Балівію і Парагвай стане “першым пастырскім візітам у Лацінскую Амерыку”, таму што падарожжа ў Рыа-дэ-Жанейра ў ліпені 2013 г. было звязана з Сусветнымі днямі моладзі.

Віцэ-старшыня Папскай камісіі патлумачыў, чаму Пантыфік абраў гэтыя тры краіны. Калі чалавек думае пра Лацінскую Амерыку, у яго ў галаве ўзнікае “трыкутнік”, вяршынямі якога з’яўляюцца: Мексіка, Бразілія і Аргентына, але гэтыя краіны перажылі перыяд беспрэцэдэнтнага росту, глыбокія змены – не толькі эканамічныя, але і палітычны, і культурныя. Між тым, Папа хоча звярнуць увагу на краіны, якія засталіся “замарожанымі ў сваіх сельскіх традыцыях, з закамянелымі індзейскім і сельскім сектарамі”, хоць у апошнія 10 гадоў яны перажылі мадэрнізацыю, і там пачалі адыгрываць  значную ролю народныя масы.

Каррыкіры выказаў здагадку, што Францішак зверне ўвагу народам Лацінскай Амерыкі на тры выклікі: дапамогу бедным, абарону навакольнага асяроддзя і міласэрнасць.

Прафесар адзначыў, што з выбарам першага Папы з Аргентыны ў Лацінскай Амерыцы змяніўся “палітычны парадак дня”. Ніколі перад гэтым за такі кароткі тэрмін – два гады – прэзідэнты ўсіх краін кантынента не наведвалі Ватыкан, а некаторыя зрабілі гэта нават некалькі разоў. Ён запэўніў, што Святы Айцец прымае кіраўнікоў дзяржаў з вялікай сардэчнасцю, спрабуючы наладзіць з імі асабістыя шчырыя адносіны, што дазваляе лягчэй абмяркоўваць маштабныя праблемы асобных краін, кантынента і свету. Не было ніводнага лацінаамерыканскага прэзідэнта, які пасля сустрэчы з Папам не адчуваў бы сябе глыбока крануты ёй, адзначыў віцэ-старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі.








All the contents on this site are copyrighted ©.