2015-07-03 16:01:00

Будслаў: гэтага дня чакаюць увесь год


Гэтага дня тут чакалі і рыхтаваліся: у Будслаў сёння прыбылі пілігрымы – пешшу, на роварах, аўтамабілях, аўтобусах. Усяго – некалькі тысяч чалавек. Розныя па колькасці групы, рознакаляровыя адзнакі падарожнікаў, розныя дэвізы і спевы, але адзіная на ўсіх мэта – дакрануцца да самай вядомай святыні Каталіцкага Касцёла Беларусі, Будслаўскага абраза Маці Божай. 

Здаецца, так было заўсёды. Але сёлета ў гэтым мястэчку Мінскай вобласці адзначаюць 25-годдзе адраджэння пілігрымак да святыні. Калісьці, на пачатку 1990-х гадоў, адбылося першае, дазволенае і арганізаванае, пасля атэістычнага часу падарожжа пілігрымаў у Будслаў, нагадаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя айцец Віктар Бурлака. “Тую першую пілігрымку сустракаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, калі яшчэ не быў Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, а калі быў прызначаны для католікаў усёй заходняй часткі Савецкага Саюза. І сапраўды мы адзначаем 25-годдзе гэтых падзей. І трэба сказаць, што пілігрымаў з тых часоў становіцца ўсё больш і больш. Будслаў для мяне – гэта духоўнае сэрца Беларусі. Такое пачуццё ў мяне было, калі я першы раз прыехаў сюды яшчэ навучэнцам семінарыі, і з году ў год у гэтым пераконваюся”, - сказаў францішканін. 

Сёння, як і 25 гадоў таму, пілігрымаў сустракае таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Больш за тое, частку шляху едзе разам з роварнай пілігрымкай. Сёлятнія ўрачыстасці праходзяць пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшных”, а ён адпавядае пастырскай прагмаме гэтага года. Што тычыцца самой урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, яна стала сапраўды народнай, лічыць беларускі іерарх. 

“У 90-я г.г. першы раз адбыліся пілігрымкі, але гэта ніяк нельга параўнаць з тым, што адбываецца зараз. Гэта сапраўды нацыянальнае і народнае свята для ўсіх, хто, нават, не вельмі блізкі да рэлігіі. Святасць чалавека залежыць не столькі ад таго, што мы пакліканыя Богам, але ад таго, наколькі мы рэалізуем гэта пакліканне. І хацелася б пажадаць нашым пілігрымам і ўдзельнікам свята, каб мы сапраўды рэалізавалі наша хрысціянскае пакліканне. Тады будзе і гарманічным наша жыццё тут на зямлі, і таксама ўвойдзем у вечную радасць”, - выказаў пажаданні Мітрапаліт. 

Пілігрымак сёння не палічыць – першы раз у гэтым годзе арганізавана прыйшлі вернікі з Ліды, аднавілася самая доўгая пілігрымка з Брэста, сабралася ў дарогу пілігрымка сем’яў. Хаця да Будслаўскага абраза людзі ідуць яшчэ з XVІI стагоддзя, з тых часоў, калі ён з’явіўся ў Беларусі і явіў вернікам сваю цудатворную сілу, а Маці Божая дала мясцовым францішканам знак сваёй прысутнасці на гэтай зямлі. 

Не перапыняліся пілігрымкі і ў гады савецкай улады, вернікам проста не маглі забараніць ісці да іконы. Для сённяшняй каталіцкай моладзі – гэта нібыта далёкая гісторыя. Яны ведаюць іншую – традыцыю кожны год у разгар лета збірацца ў Будславе. 5 ці нават 7 сутак у дарозе пры спёцы ці пад праліўным дажджом не палохаюць, стомленаць нібыта знікае, калі з-за гарызонту з’яўляюцца вежы Нацыянальнага санктуарыя. 

Сям’я Багушэвічаў з Ліды, напрыклад, кожны год ідзе ў Будслаў, і кожным раз – у розным складзе. Сёння – з немаўляткам на руках. “У нас чацвёра дзяцей і мы шосты раз прыйшлі. Раней хадзілі з 10-месячным сынам, зараз з 11-месячная дачкой. Гэтыя небывалыя пачуцці радасці, нягледзячы на мазалі, стомленасць. Вяртаешся дадому і зноў хочацца сюды”, - прызналася Іна Багушэвіч. 

“У першую чаргу я ўдзячна Богу, што я змагла дайсці сама, мяне не падвазілі. Дзякую за ўсе патрэбныя ласкі. Спадзяюся, што ў наступным годзе таксама прыду. Увогуле я не ведаю, як можна жыць без Бога і без Марыі”, - сказала пілігрым Святлана Сянько з Маладзечна. 

Будслаўскі абраз ушаноўваюць як цудадзейны. Ёсць вядомы факт: у 1617 г. хлопчык пяці гадоў – а гэта быў будучы ксёндз Язафат Тышкевіч – цяжка захварэў і аслеп. У дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі бацькі прывялі хлопчыка ў Будслаўскі касцёл, дзе Язафат зноў стаў бачыць. А ў падзяку Богу – застаўся ў кляштары. 

Пра цудадзейныя справы святыні напісаны цэлыя кнігі. Але ж і самыя падрабязныя дакументальныя сведчанні не змогуць лепш за людзей распавесці пра дапамогу і заступніцтва Маці Божай. Сёння ў Будславе моляцца аб добрым шляху да Бога, моцнай веры, здароўі для сябе і блізкіх, і асабліва – за мір. Айцец Цыцыліян з Украіны кожны год прыходзіць менавіта з гэтай інтэнцыяй – маліцца за мір на сваёй Радзіме. “Вельмі цяжка, балюча, вельмі цяжка глядзець і разумець, што ў сучасным свеце ідзе вайна. Менавіта праз сітуацыю ва Украіне моладзь і не змагла арганізавацца ў пілігрымку сюды. Але спадзяюся, што яшчэ прыйдзем”, - выказаў надзею святар.   

Пасля сустрэчы пілігрымаў, хэдлайнерам вечара стаў евангелізацыйны праект “Рыбы”. Для арганізатараў, салістаў і музыкантаў само выступленне тут стала сюрпрызам і вялікай радасцю, адзначыла кіраўнік гурта Алена Кот. “Мы евангелізум і прамаўляем да моладзі праз музыку – для гэтага мы тут і ёсць. Гэта значыць наша месца, гэта месца, дзе мы служым, нас благаслаўляе Бог, таму мы тут, каб разам маліцца аб аб’яднанні моладзі і ўзмацненні веры”, - сказала музыкант.  

Свята працягнецца і заўтра, а сёння ў 18.00 па традыцыі адбудзецца св. Імша для пілігрымаў. Каля апоўначы – кульмінацыя ўрачыстасцяў. Працэсію з копіяй Будслаўскага абраза і св. Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Тысячы агенчыкаў, як і шмат стагоддзяў таму, напоўняць святлом будслаўскую ноч. Так і Маці Божая напаўняе святлом душы тых, хто да яе прыходзіць. 

Ларыса Абрамчук, Будслаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.