2015-07-03 14:04:00

Святы Пасад заклікаў турыстаў ствараць лепшы свет


Колькасць турыстаў у свеце з кожным годам павялічваецца. Калі на сённяшні дзень іх налічваецца больш за мільярд, то ў 2030 г., як чакаецца, іх будзе 2 мільярды. На гэта звяртае ўвагу Папская рада пастырства эмігрантаў і падарожнікаў у сваім традыцыйным пасланні на Сусветны дзень турызму, які будзе адзначацца сёлета 27 верасня. Ватыканская дыкастэрыя запрашае засяродзіцца на магчымасцях і праблемах, звязаных з гэтай статыстыкай, і адзначае, што турыстычны ажыятаж становіцца выклікам для ўсіх сектараў: саміх турыстаў, бізнесу, органаў улады і мясцовых супольнасцяў і, вядома, Касцёла. “Мільярд турыстаў – гэта мільярд магчымасцяў”, - нагадалі аўтары паслання. Змянілася само паняцце “турыст” – сёння гэта ўжо не чалавек, які абмяжоўвае сябе наведваннем месца, але той, хто ў нейкай меры становіцца неад’емнай часткай гэтага месца.

У дакуменце гучыць шмат спасылак на апошнюю энцыкліку папы Францішка і яе пасланне, падыходзіць да прыроды з глыбокай павагай і захапленнем.

Гучыць заклік да турыстычнага бізнесу, не кіравацца выключна прыбыткам, але прапанаваць турыстам шляхі рэалізацыі іх памкненняў. Акрамя таго, грамадзянскія ўлады краін павінны дапамагчы мясцовым супольнасцям рэалізаваць праграмы на карысць турызму. А гэтыя апошнія пакліканы адкрыць свае межы і вітаць тых, хто прыйшоў да іх са смагай ведаў і ўзаемнага ўзбагачэння. 

Турызм таксама ўяўляе сабой мільярд магчымасцяў для евангелізацыі. Касцёл павінен быць бліжэй да адпачываючых, каб прапанаваць ім адпаведную апеку і адказаць на іх унутраны пошук. Задача Касцёла – вучыць людзей добра перажываць свой вольны час, гаворыцца ў пасланні.

У ім гучыць заклік да прадстаўнікоў турыстычнай сферы, заўважыць і выкарыстаць мільярд магчымасцяў, каб стаць творцамі лепшага свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.