2015-07-14 11:45:00

Папа даў вялікую прэс-канферэнцыю на борце самалёта


Касцёл Лацінскай Амерыкі, вядома, мае шмат праблем, ён крыху недысцыплінаваны, але жывы, падкрэсліў папа Францішак 13 ліпеня 2015 г. падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Парагваю ў Рым. 

Нягледзячы на стомленасць доўгім падарожжам і шматлікімі сустрэчамі, Пантыфік на працягу гадзіны адказваў на пытанні пятнаццаці журналістаў. Ён растлумачыў, што хацеў паехаць на свой родны кантынент, каб дадаць мужнасці гэтаму маладому Касцёлу, кіруючыся перакананнем, што ён можа шмат прапанаваць усяму Касцёлу, асабліва ў Еўропе.

Першыя тры пытанні прагучалі на іспанскай мове і датычылі нюансаў жыцця каталіцкіх супольнасцяў Эквадору, Балівіі і Парагваю, а таксама палітычнай праблематыкі адносна імкнення Балівіі мець доступ да мора. Апошняе Святы Айцец акрэсліў як “вельмі далікатную тэму”. Пытанне аб палітычнай інструменталізацыі яго выступленняў у Эквадоры дало Францішку магчымасць правесці невялікі “урокі герменеўтыкі” для журналістаў. “Тэкст не можа быць інтэрпрэтаваны на падставе аднаго сказу. Трэба прыняць да ўвагі ўвесь кантэкст і гісторыю, якая на яго паўплывала”, - сказаў Папа.

Адказваючы на пытанні па-італьянску Пантыфік казаў, у прыватнасці, аб народных рухах, якія створаны не толькі для таго, каб пратэставаць, але і змагацца за правы бедных. Іх шмат, і таму Касцёл не можа заставацца да гэтага абыякавым; павінен весці дыялог з імі праз сацыяльнае навучанне. “І гэта не анархічны варыянт, таму што яны з’яўляюцца работнікамі. Гэта не выцягванне рукі да ворага, не палітычная рэчаіснасць, але душпастырская”, - сказаў Францішак.

Нямецкі журналіст звярнуў увагу Святога Айца, што той шмат кажа пра бедных і багатых, але амаль не звяртае ўвагі на існаванне так званага сярэдняга класу, “людзей, якія працуюць, плацяць падаткі”, так бы мовіць, “нармальных людзей”. “Вы маеце рацыю, гэта памылка з майго боку. Я павінен падумаць пра гэта”, - сказаў Пантыфік і паабяцаў “паглыбіць навучанне” у гэтым напрамку. Але, на думку Папы, “сярэдняга класу становіцца ўсё менш” за кошт “палярызацыі” паміж багатымі і беднымі. Ён назваў сярэдні клас “вялікай каштоўнасцю”.

Адказваючы на іншыя пытанні, Святы Айцец адзначыў цяжкасці Грэцыі і драматычныя сітуацыі ў Лацінскай Амерыцы, напрыклад, з Венесуэлай, дзе епіскапат імкнецца садзейнічаць нацыянальнаму прымірэнню. Гаворачы аб Калумбіі, ён заклікаў маліцца, каб не спыняўся мірны працэс пасля пяцідзесяці гадоў канфлікту, што прынёс вялікую колькасць ахвяр.

Францішка спыталі і аб яго ролі ў паляпшэнні адносін паміж Кубай і ЗША. Ён адзначыў, што з яго боку гэта не было “пасярэдніцтвам”. Проста была “добрая воля дзвюх краін”. Пантыфік прызнаўся, што калі даведаўся аб існаванні магчымасці нармалізацыі адносін паміж Кубай і Злучанымі Штатамі – гэта было ў студзені 2014 г. – на працягу наступных трох месяцаў “проста маліўся за гэта”. Але “заслуга належыць ім” – самім краінам – “яны з’яўляюцца тымі, хто зрабіў гэта”. “Мы не зрабілі амаль нічога, толькі маленькія рэчы”, - адзначыў Францішак і дадаў, што спадзяецца на працяг працэсу, і тут Святы Пасад “заўсёды гатовы дапамагчы, шмат у чым”. Пантыфік перакананы, што ў дыялогу паміж дзьвума краінамі не можа існаваць боязі нешта страціць. Трэба думаць аб тым, што атрымаюць і Куба, і ЗША – спакой, сяброўства, супрацоўніцтва. 

Крытыкам, які кажуць, што дыялог з Кубай немагчымы, паколькі там парушаюцца правы чалавека, Францішак адказаў: “У свеце ёсць краіны, у тым ліку некаторыя еўрапейскія краіны, дзе не дазваляюцца рэлігійныя праявы, па розных матывах. І на іншых кантынентах гэтак жа. Рэлігійная свабода не паважаецца ва ўсім свеце, ёсць шмат краін, дзе яна не выконваецца”.

У ходзе гутаркі гучалі дасціпныя каментары Папы на розныя тэмы. Францішак прызнаўся, што адчувае сябе прадзядуляй, калі яго просяць пазіраваць для сэлфі, якое лічыць праявай культуры новых пакаленняў. У канцы ён таксама пажартаваў пра падарункі, якія атрымаў ад Прэзідэнта Маралеса. Узнагароды застануцца ў Балівіі і будуць перададзены ў санктуарый Маці Божай з Копакабана. Што тычыцца драўлянага крыжа ў форме сярпа і молата, ён сказаў, што не лічыць гэта абразай, і ўзяў яго з сабой у якасці памяці пра айца Эспінала, “незвычайнага чалавека, генія, які змагаўся ў абароне свайго народу таксама з дапамогай “мастацтва пратэсту”, чым была яго паэзія і іншыя формы выказвання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.